Пошук

25.09.2026 16:37   Catholic.by

Фота: з архіва парафіі Божага Цела ў Мінску
Фота: з архіва парафіі Божага Цела ў Мінску

25 верасня 2026 г.

ПАВЕДАМЛЕННЕ
КАМІСІІ БОЖАГА КУЛЬТУ І ДЫСЦЫПЛІНЫ САКРАМЭНТАЎ
адносна твора т.зв. «Гімна „Маці ў малітве“»
(словы і музыка Ларысы Царовай)

На падставе прадстаўленага тэксту і нотнага матэрыялу быў праведзены аналіз твора з пункту гледжання яго тэалагічнага зместу, літургічнага характару і адпаведнасці агульным патрабаванням касцёльнай музыкі.

1. Тэалагічная ацэнка

Тэкст спеву выяўляе хрысціянскую духоўнасць, закранае тэмы мацярынства, сям'і, супольнай малітвы, даверу Богу і заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

У прадстаўленым тэксце не выяўлена сцвярджэнняў, якія супярэчылі б веравучэнню Каталіцкага Касцёла. Змест можна лічыць тэалагічна дапушчальным для выкарыстання ў рэлігійнай і душпастырскай дзейнасці.

2. Літургічная ацэнка

Разам з тым неабходна адзначыць, што асноўны змест твора засяроджваецца на апісанні духоўнасці і дзейнасці супольнасці «Маці ў малітве». Тэкст мае выразны характар спеву канкрэтнага малітоўнага руху і не звязаны непасрэдна з літургічнымі тэкстамі, літургічным перыядам або таямніцай Эўхарыстыі.

Паводле прынцыпаў літургічнай музыкі Рыма-каталіцкага Касцёла, песні, прызначаныя для выкарыстання падчас святой Імшы, павінны непасрэдна спрыяць літургічнаму дзеянню і раскрываць таямніцу, якая цэлебруецца.

У сувязі з гэтым прадстаўлены твор не можа быць аднесены да катэгорыі ўласна літургічных спеваў падчас святой Імшы.

3. Музычная ацэнка

Мелодыя твора не прыдатная для супольнага выканання і мае характар сольнай аўтарскай рэлігійнай песні і не выяўляе спецыфічных прыкметаў літургічнага гімна, прызначанага для выкарыстання ў складзе святой Імшы, але можа спрыяць малітоўнаму настрою ўдзельнікаў сустрэч і набажэнстваў.

Скан «Гімну "Маці ў малітве"»
Скан «Гімну "Маці ў малітве"»

ВЫСНОВА

Камісія лічыць, што твор т.зв. «Гімн „Маці ў малітве“» не ўтрымлівае відавочных тэалагічных памылак і можа быць выкарыстаны ў рэлігійнай і фармацыйнай дзейнасці руху «Маці ў малітве». Прыдатны для выкарыстання падчас малітоўных сустрэч, рэкалекцый, канферэнцый, сустрэч супольнасці, а таксама іншых пазалітургічных набажэнстваў.

Аднак не адпавядае ў поўнай меры крытэрыям літургічнага спеву падчас святой Імшы, паколькі мае характар сольнай аўтарскай рэлігійнай песні для пэўнага руху, а не літургічнага твора, непасрэдна звязанага з цэлебрацыяй сакрамэнтальнай таямніцы.

У сувязі з гэтым не можа лічыцца афіцыйным літургічным спевам Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.


Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі


Ксёндз канонік д-р Ян Крэміс

Кіраўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёл
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі


Канд. мастацтвазнаўства, дацэнт Уладзімір Неўдах
Кіраўнік Секцыі касцёльнай музыкі
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 25.09.2026 19:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа