Пошук

04.05.2026 12:28   Тэкст: Іван Лубінскі / Фота: Крыстына Ефімовіч / Catholic.by

2 мая, з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, у Нацыянальным санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе сабраліся пілігрымы з розных рэлігійных рухаў і супольнасцяў Беларусі.

Напачатку сустрэчы пілігрымаў прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі. Асаблівыя словы прывітання па-англійску біскуп Юрый скіраваў удзельнікам душпастырства замежнікаў з Мінску. Іерарх таксама прадставіў вядучых сустрэчы Івана і Алену Лубінскіх з руху «Сужэнскія сустрэчы».

Пры ўваходзе ў базыліку ўвесь час сустрэчы ішла рэгістрацыя пілігрымаў, якую праводзілі прадстаўнікі супольнасці «Маргарыткі».

Сустрэча рухаў распачалася з Фацімскага Ружанца і Маёвага набажэнства, падрыхтаванага «Легіёнам Марыі». Словы ружанцовых разважанняў і літаніі сталі аб’яднанай малітвай усіх супольнасцяў да Маці Божай.

Галоўным пунктам праграмы пілігрымкі стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Касабуцкі. Ён цэлебраваў святую Імшу разам са шматлікімі святарамі, якія перад літургіяй занялі ўсе канфесіяналы ў Будславе, рыхтуючы вернікаў праз сакрамэнт пакаяння да поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі. Асабліва актыўны ўдзел у Эўхарыстыі прынялі прадстаўнікі рухаў «Святло-Жыццё», «Маці ў малітве», а таксама супольнасці «Фаўсцінум».

У гаміліі біскуп Юрый прапанаваў вернікам паразважаць над таямніцай Найдаражэйшай Крыві Пана, заклікаючы нанова адкрыць яе адкупленчую моц. Іерарх падкрэсліў, што ў Эўхарыстыі мы прымаем Хрыста цалкам, з Целам і Крывёю, жывога і ўваскрослага. Сцены старадаўняй базылікі адбівалі ўзнёслыя спевы пілігрымаў, іх шчырую ўдзячнасць Богу за гэты момант паяднання з Ім.

Напрыканцы святой Імшы пастыр асабліва падзякаваў Людміле Платавай з супольнасці факаляраў, якая выступіла галоўнай арганізатаркай сустрэчы, прадстаўнікам шанштацкага руху за чынны ўдзел у арганізацыі, парафіяльнай арганістцы спадарыні Тэрэзе, якая цудоўнымі велікоднымі спевамі ўпрыгожыла супольную малітву, а асабліва ксяндзу каноніку Аляксею Раманчуку, кусташу Нацыянальнага санктуарыя, за цеплы прыём пілігрымаў.

Пасля шчодрага пасілку, які быў падрыхтаваны парафіянамі і гаспадынямі Дома пілігрыма, усе прысутныя былі гатовыя ўдзельнічаць у канферэнцыі на тэму «Думкі Рымскіх папаў пра касцёльныя рухі і супольнасці», якую цікава і інтэрактыўна правёў сакратар Апостальскай нунцыятуры мансеньёр Крыштаф Сэрока.

Ён, а таксама многія пілігрымы дзяліліся словамі блізкіх усім вернікам «апосталаў Рыма», асабліва звяртаючыся да словаў Папы Льва XIV, папярэдніх Пантыфікаў Францішка, Бэнэдыкта XVI, святых Яна Паўла ІІ і Паўла VI. Гэта канферэнцыя не толькі дапамагла ўсім прысутным зноў пачуць словы Папаў, але і задумацца пра карані сваёй веры.

У гэты час дзеці ўдзельнічалі ў квэсце «Сад святога Францішка», які падрыхтавалі і праводзілі Максім і Аліна Угорычы, прадстаўнікі руху «Equipes Notre-Dame». Цікавыя заданні, спевы і актыўнасць сабралі ўсіх малодшых пілігрымаў.

Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і праведзены прадстаўнікамі руху «Equipes Notre-Dame» Вяночак да Божай Міласэрнасці са спецыяльнай малітвай рухаў да Найдаражэйшай Крыві Хрыста паглыбілі малітоўны настрой пілігрымаў. Чарговая канферэнцыя пра 2026 год як год святога Францішка, падрыхтаваная айцом Стэфанам Пупейкам OFM, наблізіла постаць святога з Асізі і дазволіла зразумець уплыў дзейнасці святога Францішка на сучасны характар Каталіцкага Касцёла.

Праграму сустрэчы працягнулі сведчанні прадстаўнікоў руху «Маці ў малітве», якія адзначаюць 25 год дзейнасці ў Беларусі, і руху «Святло-Жыццё». Іх гістрыя і справы наблізілі духоўнасць гэтых супольнасцяў усім прысутным у базыліцы. А дзіцячыя галасы і спевы сталі самым цёплым момантам сустрэчы. Аказалася, што падчас квэсту юныя пілігрымы знайшлі сажанцы розных дэкаратыўных дрэваў і падаравалі іх пробашчу парафіі ксяндзу каноніку Аляксею Раманчуку.

Ён вельмі ўзрадаваўся і абяцаў распачаць стварэнне Марыйнага саду каля касцёла менавіта гэтымі раслінамі. Усе пілігрымы, а зарэгістраваных было больш за 250 чалавек з 17 рухаў і супольнасцяў, атрымалі насенне незабудак, якое змогуць пасадзіць дома ці ў родных парафіях.

Завяршылася праграма пілігрымкі благаслаўленнем пілігрымаў і набытых ці прывезеных імі рэлігійных рэчаў. Яшчэ доўга вернікі Беларусі не хацелі пакідаць дом Нябеснай Матулі ў Будславе, і цёплыя ўспаміны пра гэту пілігрымку застануцца ў іх памяці надоўга.

Абноўлена 04.05.2026 12:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.