4 студзеня ў Мінску адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame — «Суполак Маці Божай».
Больш за 130 удзельнікаў руху END з розных мясцін Беларусі — з Баранавічаў, Барысава, Лагойска, Мінска, Негарэлага, Нясвіжа і Пінска — сабраліся ў сталічнай парафіі Божага Цела. У сустрэчы ўзялі ўдзел такасама шасцёра святароў — духоўных дарадчыкаў руху.
Усе яны сустрэліся разам, каб павіншаваць адзін аднаго са святам Божага Нараджэння і выказаць святочныя пажаданні.
Сустрэча прайшла ў вельмi цёплай сямейнай атмасферы.
Святкаванне распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх заахвоціў сужэнцаў быць сведкамі веры ў сваім асяроддзі, пажадаў быць радаснымi i не губляць надзею на збаўленне.
Пасля Імшы адбылося дзяленне аплаткамі.
Па традыцыі руху END, закладзенай шмат гадоў таму, кожнае сужэнства пры гэтым выцягвала картку з прозвішчам сям’i, у інтэнцыі якой будзе маліцца на працягу года.
Пасля сумеснага абеду адбылася канцэртная праграма, падчас якой кожная суполка мела магчымасць раскрыць свае таленты. Дзяцей парадавала сустрэча са святым Мікалаем, а напрыканцы ўсе сем’і атрымалі памятныя падарункі.
Духоўны дарадчык Рэгіёна ксёндз Андрэй Лысы,хрыстусовец з Мінска, благаславіў сем’i і пажадаў далейшага развіцця руху END.