
24 студзеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў душпастырскі візіт у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, такое наведванне, якое зазвычай адбываецца ў перыяд Божага Нараджэння, называецца «калядой».
Біскуп дыяцэзіі, на тэрыторыі якой дзейнічае міждыяцэзіяльная семінарыя, з’яўляецца яе Вялікім канцлерам, і сёлета біскуп Гуляй упершыню ў гэтай якасці наведаў адзіную такую дзеючую навучальную ўстанову ў нашай краіне.
Усе, хто складае семінарыйную супольнасць, сабраліся на сустрэчы з біскупам у капліцы семінарыі, каб у малітве даручыць Богу новы год і прасіць Яго шчодрых ласкаў на гэты час.

Біскуп Гуляй назваў капліцу «сэрцам семінарыі — дома, у якім студэнты ўзрастаюць у сваім пакліканні да святарства і набіраюцца неабходных для служэння сіл».
У межах візіту іерарх благаславіў усе памяшканні ў будынку семінарыі, у тым ліку аўдыторыі і пакоі семінарыстаў і выкладчыкаў.
У гэты час прысутныя спявалі традыцыйныя калядкі.

На заканчэнне «каляды» біскуп Уладзімір Гуляй завітаў у спартзалу.
Іерарх адзначыў, што семінарыя — гэта «месца, дзе трэба назапасіць духоўных і фізічных сіл, каб у будучыні, калі Бог дазволіць, быць моцнымі душпастырамі і падтрымкай для сваёй аўчарні».

























