У суботу 25 студзеня ў парафіі Божага Цела ў Мінску (дэканат Мінск-Усход) прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельніц руху «Маці ў малітве», якая сабрала каля сямі дзясяткаў матуль з з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія).
Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам з ім пры алтары маліліся адказны за душпастырства руху «Маці ў малітве» айцец Юрый Кулай OCD, асабісты сакратар арцыбіскупа Станеўскага ксёндз канонік Юрый Ясевіч, іншыя прысутныя святары.
У гэтай канцэлебраванай Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі маліўся ў інтэнцыі ўсіх удзельніц папулярнага малітоўнага руху і іх дзяцей, а таксама аб тым, каб да яго далучалася яшчэ больш жанчын па ўсёй Беларусі.
«Няхай наша сённяшняя сустрэча праз больш шчырую малітву нас сапраўды набліжае да Езуса, да Марыі да Юзафа ў Бэтлееме, дзе адбыўся вялікі цуд Божай ласкі, дзе сустрэлася неба з зямлёй», — сказаў арцыбіскуп на пачатку цэлебрацыі, адзначыўшы, што супольная малітва яднае і ўмацоўвае.
У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што ў цэнтры Калядных святаў знаходзіцца Езус Хрыстус, які як маленькае дзіцятка ўваходзіць у гэты свет, прымаючы цела ад Найсвяцейшай Маці. Ён заахвоціў сабраных разам з Юзафам і Марыяй, пастушкамі і Мудрацамі з Усходу пакланіцца гэтаму Божаму Дзіцяці, аддаючы яму пашану ў пабожнай малітве.
Арцыбіскуп заўважыў, што маці, якія моляцца за сваіх дзяцей, ахопліваюць сваёю малітваю наогул усіх дзяцей і ўсю моладзь, не робячы адрозненняў паміж сваімі і чужымі, «бо ўсе дзеці — нашы».
На заканчэнне гаміліі ён заклікаў «Маці ў малітве» гэтак жа рупліва працягваць маліцца, каб усе мы маглі калісьці сустрэцца ў небе.
Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы сабраліся ў актавай зале, дзе разам спявалі калядкі пад гармонік, на якім іграў айцец Сяргей Трысцень OCD. Дарэчы, святар як арганіст таксама суправаджаў спеў падчас святой Імшы.
Да ўсіх сабраных матуль звярнуўся іх духоўны кіраўнік айцец Юрый Кулай, які шчыра павіншаваў усіх са святам Божага Нараджэння і выказаў найлепшыя пажаданні, а таксама надзею на далейшае плённае развіццё руху.
Да прысутных прамовіла каардынатар руху «Маці ў малітве» ў Беларусі Людміла Губіна, якая адзначыла, што сустрэча невыпадкова адбываецца ў вызначаныя ў супольнасці малітоўныя дні, асаблівым чынам падзякаваўшы за ўдзел арцыбіскупу Станеўскаму.
Ад імя ўсіх «Маці ў малітве» яна ўручыла арцыпастыру кошычак з кветкамі.
Пасля іерарх перадаў кветкі ў шпіталь адной з першых удзельніц малітоўнага руху ў Беларусі, якая з-за хваробы не змагла прысутнічаць на сустрэчы.
У сваёй прамове арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім сабраным жанчынам за іх трывалую малітву, якая з’яўляецца сведчаннем веры і даверу Богу ў найбольш складаных сітуацыях.
Іерарх таксама падзяліўся ўспамінамі пра сваю матулю, якая ўжо адышла з гэтага свету, з цеплынёю ўзгадаўшы яе добрыя матчыны парады нават тады, калі ён быў ужо святаром.
Разам з усімі сабранымі заспяваў украінскую народную песню «Люба мама мая», што сам калісьці пераклаў на родную мову.
Усе сабраныя на сустрэчы атрымалі як калядны падарунак ад арцыбіскупа Станеўскага яго кнігу «Як стаць сведкам Хрыста», у якой сабраныя разважанні іерарха пра важныя аспекты хрысціянскай веры.
У ёй пастыр шчыра звяртаецца да маладых людзей, імкнучыся па-бацькоўску дапамагчы ім знайсці правільныя арыенціры ў сённяшнім складаным свеце.
Нарэшце, врцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў аплаткі, і ўдзельнікі сустрэчы роўна праз месяц пасля Божага Нараджэння падзяліліся імі, абменьваючыся шчырымі святочнымі віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі.