
Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. На працягу ўсяго месяца вернікі збіраюцца ў касцёлах, а таксама каля каплічак і прыдарожных фігураў Маці Божай, каб разам маліцца, просячы заступніцтва Марыі, адпраўляюць маёвыя набажэнствы.
Марыя — прыклад пакоры, любові і дабрыні для кожнага з нас. Менавіта да Яе ў самы яскравы вясновы месяц мы ўзносім свае малітвы, каб праз Яе заступніцтва атрымаць у Бога патрэбныя дары і ласкі.
Госцем на Youtube-канале «Радыё Марыя Беларусь» стаў паважаны арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які падзяліўся гісторыяй узнікнення маёвых набажэнстваў. У размове з вядучай Вікторыяй Кароль-Маўчанскай арцыпастыр распавёў пра тое, як паўстала Ларэтанская літанія, падзяліўся традыцыямі маёвых набажэнстваў, а таксама, якую ролю яны адыгрываюць у жыцці вернікаў і ці трэба захоўваць такія набажэнствы зараз. Пра гэта і многае іншае — проста з вуснаў дастойнага духоўнага настаўніка.







