Пошук

03.05.2024 13:55   Тэкст і фота: удзельнікі маёвай пілігрымкі з Дзеркаўшчыны / Catholic.by

1–2 мая вернікі парафіі Унебаўшэсця Пана з Дзеркаўшчыны (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) упершыню здзейснілі маёвую пілігрымку ў Гродна.

Пасля гэтай вандроўкі, поўныя ўражанняў, парафіяне разам са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Валерыем Орсікам вырашылі падзяліцца перажытым з чытачамі Catholic.by.

Падчас аўтобуснай пілігрымкі ўдзельнікі ўвесь час слухалі канферэнцыі, праводзілі медытацыю над Божым словам, маліліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Літаніі, а таксама мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні святару і атрымаць грунтоўны адказ. Адна з парафіянак дала жывое сведчанне пра сваіх бацькоў, якія 67 гадоў таму ўзялі шлюб у найстарэйшай каталіцкай святыні Гродна — пабэрдардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Заходзячы ў кожную са святынь па дарозе, пілігрымы спявалі Марыйную песню «Уладарка і зямлі і неба», маліліся таямніцу святога Ружанца, і ў кожнай парафіі, праз якую ляжаў шлях, іх гасцінна віталі святары і знаёмілі з гісторыяй сваіх парафій.

Вернікі з Дзеркаўшчыны наведалі касцёл у Міхалішках, дзе кожная выява-ляпніна — гэта жывое Божае слова. У гэтай святыні на беразе Віліі яны памаліліся, просячы праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі патрэбныя ласкі. Сваёю веліччу і прыгажосцю вандроўнікаў зачаравала святыня ў Гервятах, дарэчы, самая высокая ў Беларусі. Далей пілігрымы наведалі Маці Божую Шкаплерную ў Гудагаі, дзе мелі магчымасць набыць шкаплер і ўрачыста прыняць яго з рук айцоў кармэлітаў босых. У Барунах Маці Божая, Суцяшальніца засмучаных, вітала вандроўнікаў прыгожым надвор’ем. Сёлета ў кастрычніку адбудзецца каранацыя цудадзейнага барунскага абраза, якую здзейсніць біскуп Аляксандр Кашкевіч. Перад алтаром Маці Божай была святая Імша, дзе кожны меў магчымасць асабіста скласці свае просьбы. Адметнасцю касцёла ў Барунах з’яўляецца крыпта, дзе можна набраць вады, што, як кажуць тутэйшыя людзі, мае аздараўленчую моц.

Далей дарога вяла пілігрымаў праз Гальшаны, Трабы, Уселюб, дзе знаходзіцца адна з найстарэйшых каталіцкіх святынь нашай краіны. У Навагрудку памаліліся ў Фарным касцёле, дзе хрысцілі Адама Міцкевіча і знаходзяцца рэліквіі сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны. Наведалі і касцёл святога Міхала Арханёла, дзе пабылі ў новапасвячанай крыпце, пасля чаго паслухалі арганную музыку ў выкананні сапраўднага маэстра ксяндза Паўла Гедройця, музыколага.

Удзячныя за шчодрую гасціннасць навагрудскіх сясцёр назарэтанак, зранку зноў вырушылі ў дарогу. На святую Імшу затрымаліся ў Бярозаўцы, адкуль паходзіць дзеркаўшчынскі пробашч ксёндз Валерый.

Там вандроўнікі на ўласныя вочы ўбачылі, як робіцца шкло, наведаўшы цэх шклозавода Нёман і музей, а таксама атрымалі ў падарунак мясцовыя вырабы са шкла.

Нарэшце, пілігрымы прыбылі ў Гродна, дзе іх сустрэлі семінарысты з Глыбоччыны, каб праводзіць па горадзе і распавесці пра цікавыя мясціны. Адной з іх стала адна з найбольшых у Беларусі сінагога, дзе вернікі з Дзеркаўшчыны пазнаёміліся з гісторыяй юдэяў у Гродне. Адтуль зайшлі на малітву ў пабэрнардынскі касцёл, наведалі Міждыяцэзіяльную духоўную семінарыю, даведаліся пра жыццё семінарыстаў і ўвесь дзень за іх маліліся аб трываласці ў пакліканні, тым больш што гэта быў акурат першы чацвер месяца.

У касцёле брыгітак пілігрымаў сустрэла Маці Божая Снежная, а рэктар касцёла ксёндз канонік Антоній Грэмза распавёў пра святую Брыгіту і гісторыю гэтай унікальнай гродзенскай святыні.

Уразіла вандроўнікаў прыгажосць і веліч катэдральнай базылікі ў Гродне — увасобленая ў архітэктуры магутнасць Божая.

Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам пры алтары Маці Божай Кангрэгацкай пілігрымы памаліліся за ўсіх святароў, сясцёр законных, клерыкаў і аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

Вернікі з Дзеркаўшчыны, якія бралі ўдзел у маёвай пілігрымцы, вельмі ўдзячныя Богу за гэтую вандроўку па святынях роднай краіны, а таксама свайму пробашчу, які яе арганізаваў, усім сустрэтым у дарозе святарам, сёстрам законным і людзям добрай волі за іх шчодрае сэрца. Парафіяне заахвочваюць іншых вернікаў да такіх маёвых пілігрымак, бо дзякуючы ім можна пазнаць шмат новага, а галоўнае — лепш пазнаць Бога. Пілігрымы ўдзячныя Маці Божай за Яе суправаджэнне у гэтым пазнанні.

 

Абноўлена 03.05.2024 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.