Пошук

18.11.2024 10:46   Фота: удзельнікаў рэкалекцый / Catholic.by

З 15 па 17 лістапада ў парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) прайшлі рэкалекцыі аб распазнанні паклікання для юнакоў.

У духоўных практыкаваннях, што праходзілі пад дэвізам «Не бойся выбіраць Езуса», бралі ўдзел прадстаўнікі чатырох парафій: Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з Бабруйска (Мінска-Магілеўская архідыяцэзія), Найсвяцейшай Тройцы з Глыбокага, святога Андрэя Баболі з Полацка і з самой Дзеркаўшчыны.

На час рэкалекцый для ўдзельнікаў была створана атмасфера духоўнай семінарыі, дзе праходзяць навучанне і фармацыю будучыя святары.

Рэкалекцыйныя разважанні ў гэтыя дні былі засяроджаны на цэнтральнай ролі Хрыста і Эўхарыстыі ў справе распазнання паклікання на прыкладах святога Францішка Асізскага і святога Яна Марыі Віянэя.

На працягу трох дзён хлопцы мелі насычаную праграму, у якой былі духоўныя, малітоўныя, пазнавальныя і забаўляльныя элементы. Сабраныя разам удзельнічалі ў святой Імшы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітвах Літургіі гадзінаў, Ружанца, Вяночка да Божай міласэрнасці. Юнакі з увагай слухалі прапанаваныя ім канфэрэнцыі, якія былі дапоўнены асабістымі сведчаннямі пра пакліканне пробашча дзеркаўшчынскай парафіі ксяндза каноніка Валерыя Орсіка і студэнта Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай самінарыі ў Гродне Яна Каськевіча. Акрамя таго, для ўдзельнікаў рэкалекцый была праведзена экскурсія ў Глыбокае, а ў вольны час арганізаваны прагляд фільмаў на рэлігійную тэматыку.

Хлопцы маліліся аб новых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця, а таксама за памерлых святароў і манаскіх асобаў.

Паколькі рэкалекцыі праходзілі ў лістападзе, месяцы асаблівых малітваў за памерлых, яны таксама наведалі магілу першага пробашча парафіяльнай супольнасці ў Дзеркаўшчыне ксяндза Дамініка Палтарака, пахаванага на мясцовых могілках.

На памяць пра ўдзел у рэкалекцыях кожны юнак атрымаў у падарунак крыжык, рэлігійную літаратуру і каляндар на наступны, юбілейны год.

На заканчэнне духоўных практыкаванняў арганізатары задалі ўдзельнікам некалькі пытанняў, і вось што адказалі на іх юнакі.

— Ці патрэбныя такія рэкалекцыі?

— Патрэбныя. Не ў сэнсе, каб адразу ўсе паляцелі ў семінарыю.

Тут больш адкрываеш веру, вучышся выбіраць Хрыста. Можна больш даведацца аб святарстве.

— Якія недахопы?

— Мала часу: толькі тры дні…

— Што спадабалася?

— Цёплая, хатняя атмасфера, цікавая праграма. Супольныя малітвы, адчуванне, што ты патрэбны Богу. Добра, што няшмат людзей, і з кожным можна пагаварыць на розныя тэмы.

Дзякуй Богу і людзям, якія нас сустракалі і пра нас клапаціліся. Дзякуй нашым пробашчам, дзякуй за сведчанне веры ксяндзу Валерыю і семінарысту Яну.

Хочацца, каб такія сустрэчы адбываліся часцей.

Абноўлена 18.11.2024 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.