У парафіі Унебаўшэсця Пана ў вёсцы Дзеркаўшчына (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) на працягу трох дзён адбываўся вясеннік — веснавы лагер — для каталіцкіх скаўтаў з Мінска і Полацка.
Як паведаміў 3 мая сайт Сatholicnews.by, кіраваў мерапрыемствам ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr, адказны за скаўтаў з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ.
Падчас вясенніка юнакі ядналіся з Богам і прыродай. Супольная адарацыя, святая Імша, малітвы і спевы штодзённа спадарожнічалі скаўтам.
Кожнае кап’ё (атрад) мела магчымасць паказаць сябе ў майстраванні крыжа без цвікоў, кулінарыі, ведах пра Пана Бога. Удзельнікі прадстаўлялі сцэнкі тэатру ценяў, дзяліліся досведам сваёй веры, а дапамагалі ім у гэтым старэйшыны, адказныя за звяз.
Надвор’е спрыяла правядзенню вясенніка. Такія сустрэчы дапамагаюць моладзі умацоўвацца душой і целам, узрастаць у веры і даваць яе прыклад іншым. У парафіі ў Дзеркаўшчыне таксама з’явіліся малодшыя скаўты — ваўчаняты, якія паступова далучаюцца да такой цікавай і карыснай прыгоды, якой з’яўляецца скаўтынг.