Парафія святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі (Віцебская дыяцэзія) стала адной з першых у Беларусі, якая візуальна і малітоўна далучылася да сусветнай акцыі «Чырвоны тыдзень» (Red Week). Гэтую міжнародную ініцыятыву штогод праводзіць Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», каб прыцягнуць увагу да лёсу хрысціян, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі і насіллю за сваю веру.
Згодна з дакладам фонду, сёння каля 220 мільёнаў хрысціян ва ўсім свеце непасрэдна сутыкаюцца з пераследам. У знак еднасці з імі ў вячэрні час у Новалукомлі чырвоным святлом падсвечаны крыж ля касцёла і частка фасада, а таксама галоўны алтар і Укрыжаванне ўнутры святыні.
Візуальную акцыю ў парафіі суправаджае штодзённая малітва вернікаў падчас святой Імшы, а ў пятніцу, 20 лістапада, у 18.00 пачнецца супольная Эўхарыстыя і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі пакутуючага Касцёла і захавання міжрэлігійнага міру.





















