Пошук

05.03.2024 14:40   Паводле: Ватыканскае радыё / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота / Canva.com

Свецкія СМІ свядома замоўчваюць пераслед, ад якога церпяць сучасныя хрысціяне, лічыць Алясандро Мантэдура, дырэктар італьянскага аддзялення Папскай асацыяцыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».

Як адзначае Польская рэдакцыя Ватыканскага Радыё, у якасці прыкладу ён згадвае падзеі апошніх дзён: у Буркіна-Фасо джыхадзісты падчас малітвы забілі 15 хрысціянаў, у Эфіопіі забілі чатырох копцкіх манахаў, а на Гаіці банды выкралі семярых законнікаў. У Італіі свецкія СМІ цалкам гэта праігнаравалі, кажа Мантэдура. На яго думку, Касцёл сёння праходзіць сапраўдны Крыжовы шлях. Таму вельмі важна, што сваю малітоўную інтэнцыю на сакавік Папа прысвяціў сучасным мучанікам. Гэта ўжо забароненая тэма ў свецкіх СМІ.

«Столькі разоў, — кажа дырэктар італьянскага аддзялення папскай асацыяцыі, — мы задаваліся пытаннем, чаму на пераслед хрысціянаў апускаецца заслона маўчання. Калі я пытаюся ў журналістаў, якія працуюць у свецкіх СМІ, яны часта адказваюць, што не пішуць пра Буркіна-Фасо, таму што для іх важныя клікі і колькасць людзей, якія наведваюць ўэб-сайты гэтых буйных СМІ. Яны сцвярджаюць, што калі б яны распавялі пра расправу над хрысціянамі, якія сабраліся ў Буркіна-Фасо для малітвы, колькасць клікаў была б вельмі нізкай у параўнанні, напрыклад, з чуткамі або інфармацыяй аб расставанні пары акцёраў.

Мы ведаем, пра што ідзе гаворка, і хоць бы гэта было праўдай. Але ж гэта не так! І нават калі б гэта было праўдай, ці варта цалкам замоўчваць такую інфармацыю па гэтай прычыне? Ці павінна інфармацыя грунтавацца выключна на кліках?

Я перакананы, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з загадам маўчаць, з прымусовым замоўчваннем тэмаў, звязаных з рэлігійным пераследам. Мы не павінны гаварыць пра пакуты, пра тых, хто аддае сваё жыццё, бо вырашыў належаць Езусу, нягледзячы на рызыку, якую гэта нясе з сабою ў многіх рэгіёнах свету. Маўчанне пра ўсё гэта — падступны спосаб паказаць, што рэлігіі больш няма месца ў публічнай прасторы. Як максімум, гэта павінна быць абмежавана сферай прыватнага жыцця.

Думаю, тут прычына ў наступным: пра тых, хто загінуў за веру, не згадваецца, таму што вера ў публічнай прасторы ўжо не заслугоўвае ўвагі, не мае на гэта права», — лічыць дырэктар італьянскага аддзялення Папскай асацыяцыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» Алясандро Мантэдура.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа