Пошук

29.01.2024 11:40   Паводле: РАР, РИА / Catholic.by
Касцёл Маці Божай у Стамбуле. Фота: Еuronews

У нядзелю 28 студзеня двое невядомых у масках здзейснілі ўзброены напад у каталіцкім касцёле Святой Марыі ў сталіцы Турцыі Стамбуле, у выніку якога загінуў адзін чалавек.

Як паведаміў міністр унутраных спраў Турцыі Алі Ерлікая, напад адбыўся ў касцёле, размешчаным у раёне Сарыер-Бююкдэрэ. Паводле паведамленняў, большасць вернікаў тут складаюць італьянцы, якія жывуць у Стамбуле.

Падчас нападу быў застрэлены 52-гадовы мужчына, грамадзянін Турцыі.

Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва Reuters, адказнасць за напад узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава», забароненая ў многіх краінах. Мяркуецца, што атака тэрарыстаў стала адказам на заклік лідэраў арганізацыі забіваць юдэяў і хрысціянаў.

«Адразу пасля нападу на касцёл паліцыя распачала буйнамаштабную аперацыю. За нядзелю былі затрыманыя 47 чалавек па 30-і адрасах», — паведаміў на брыфінгу міністр унутраных спраў. Паводле яго, увечары былі затрыманыя тыя, каго падазраюць непасрэдна ў здзяйсненні злачынства. Абодва яны замежнікі: адзін — грамадзянін Таджыкістана, другі — расіянін, паведаміў міністр Ерлікая, дадаўшы, што затрыманыя, магчыма, належаць да «Ісламскай дзяржавы». Міністр сурова асудзіў напад у сацыяльных сетках.

Папа Францішак выказаў падтрымку вернікам касцёла ў Стамбуле, дзе адбыўся напад. На заканчэнне малітвы «Анёл Панскі» на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Святы Айцец сказаў:

«Я выказваю салідарнасць з супольнасцю касцёла Святой Марыі ў Стамбуле, дзе падчас Імшы адбыўся ўзброены напад, у выніку якога адзін чалавек быў забіты».

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган у размове па відэасувязі са святаром касцёла ксяндзом Антоніем Булаі, прэфектам раёна Сарыер Амэрам Калайлы і консулам Польшчы ў Турцыі Вітальдам Леснякам выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю грамадзяніна ў выніку нападу на каталіцкую святыню. Як паведамілі турэцкія СМІ, польскі дыпламат разам з дзецьмі браў удзел у Імшы, падчас якой быў здзейснены напад.

Абноўлена 29.01.2024 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа