
Кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні паведаміў аб графіку першых афіцыйных мерапрыемстваў новаабранага Папы Льва XIV. Ужо 9 мая новы Пантыфік узначаліць, у адпаведнасці з традыцыяй, святую Імшу ў Сікстынскай капэле разам з Калегіяй кардыналаў. Урачыстая літургія распачнецца ў 12.00 (тут і далей па мінскім часе).
У нядзелю, 11 мая, Пантыфік зноў з'явіцца на цэнтральнай лоджыі ватыканскай базілікі, каб узначаліць велікодную малітву «Уладарка неба» (Regina Coeli) у 13.00. Гэта будзе першы нядзельны малітоўны зварот новага Папы да вернікаў і пілігрымаў, якія збяруцца на плошчы Святога Пятра.
Акрамя таго, як паведаміў Матэа Бруні, у панядзелак, 12 мая, у 11.00 у ватыканскай Зале Паўла VI адбудзецца аўдыенцыя Пантыфіка для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, якія распавядалі ўсяму свету пра гэтыя насычаныя падзеямі дні.
Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні будзе абвешчана таксама дата ўрачыстай інаўгурацыйнай Імшы, падчас якой Папа Леў XIV афіцыйна распачне сваё служэнне як Біскуп Рыма і Пастыр Паўсюднага Касцёла.