Пошук

25.06.2025 17:36   Тэкст: Кс. канонік Юрый Санько / Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

24 чэрвеня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску прайшла Першая Міждыяцэзіяльная канферэнцыя Testis fidei et misericordiae («Сведка веры і міласэрнасці»), прысвечаная сёстрам мучаніцам з Навагрудка.

У канферэнцыі прынялі удзел духавенства, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, студэнты і вернікі.

Канферэнцыя была праведзена з мэтай наблізіць і аднавіць памяць пра сясцёр Назарэтанак з Навагрудка, якія аддалі сваё жыццё, каб уратаваць мірных жыхароў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Сёстры былі забітыя нямецкімі акупантамі ў 1943 годзе.

Падчас канферэнцыі з прывітальным словам звярнуліся арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, і Аляксандр Румак, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У прамовах была падкрэслена важнасць і своечасовасць асвятленне узнятай тэмы.

Падчас канферэнцыі прагучалі 3 даклады:

  • Сястра Ганна Мацуль CSFN раскрыла тэму: «Гісторыя кангрэгацыі сясцёр Святой Сям’і з Назарэта (назарэтанкі)», якая ў гэтым годзе адзначае 150-годдзе з дня заснавання.
  • Міхаіл Дайнека, старэйшы пракурор упраўлення Генеральнай Пракуратуры, прадставіў даклад на тэму: «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і прадставіў вынікі працы, праведзенай Генеральнай Пракуратурай за апошнія гады ў гэтым напрамку.
  • Сястра Вольга Данькоўская CSFN прачытала даклад на тэму: «Сёстры назарэтанкі з Навагрудка нявінныя ахвяры нямецкага генацыда, аддаўшыя жыццё за бліжніх». Падчас выступу была прадстаўлена кароткая біаграфія кожнай сястры, якая загінула, і абставіны гэтай жудаснай трагедыі.

Пасля дакладаў у капліцы прагучала малітва памяці «Рэквіем», якая была ўзнесена прадстаўнікамі розных рэлігій і канфесій.

Напрыканцы канферэнцыі перад яе ўдзельнікамі выступіў хор Verum Cantus з невялічкай канцэртнай праграмай. Пасля быў час, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі і перажываннямі з іншымі.

Запланавана правядзенне штогадовай канферэнцыі, прысвечанай святарам, законным сёстрам і свецкім асобам, аб’яўленым Касцёлам святымі ці благаслаўлёнымі, паходжаннем ці служэннем звязаным з беларускімі землямі, якія аддалі сваё жыццё за бліжніх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа