Пошук

21.11.2026 23:20   Тэкст: Кс. кан. д-р Віктар Гайдукевіч / Фота: арганізатары і ўдзельнікі прэзентацыі / Catholic.by

21 лістапада ў Мінску ў межах IV канферэнцыі «IT for Christ», прысвечанай выклікам штучнага інтэлекту, адбылася прэзентацыя беларускамоўнага выдання першай энцыклікі Папы Льва XIV «Magnifica humanitas». У мерапрыемстве прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Сустрэча стала нагодай для разважання над адным з галоўных пытанняў сучаснасці: як забяспечыць, каб імклівае развіццё новых тэхналогій служыла чалавеку, захаванню яго годнасці, свабоды і адказнасці.

Прэзентацыя прайшла ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску і сабрала духавенства, прадстаўнікоў ІТ-супольнасці, спецыялістаў лічбавай сферы і ўсіх, хто цікавіцца ўзаемадзеяннем хрысціянскай веры і сучасных тэхналогій.

Энцыкліка Magnifica humanitas, падпісаная Святым Айцом 15 мая 2026 года, прысвечана абароне чалавечай асобы ў эпоху штучнага інтэлекту. Дата падпісання дакумента мае сімвалічнае значэнне: яна супадае са 135-й гадавінай абвяшчэння энцыклікі Rerum novarum Папы Льва XIII, якая стала важнай вяхой у развіцці сацыяльнага вучэння Касцёла.

Калі напрыканцы XIX стагоддзя Касцёл звярнуў асаблівую ўвагу на становішча чалавека ва ўмовах індустрыяльнай рэвалюцыі, то сёння Леў XIV прапануе асэнсаваць новыя выклікі, звязаныя з лічбавізацыяй, аўтаматызацыяй і развіццём штучнага інтэлекту.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: у цэнтры кожнай тэхналогіі павінен заставацца чалавек

З пастырскім словам да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Іерарх падкрэсліў, што выхад першай энцыклікі Папы Льва XIV на беларускай мове мае асаблівае значэнне для Касцёла і ўсяго беларускага грамадства. Дакумент дазваляе асэнсаваць найбольш актуальныя выклікі сучаснасці ў святле Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла.

Паводле Мітрапаліта, Касцёл не баіцца тэхнічнага прагрэсу, паколькі чалавечы розум з'яўляецца дарам Стварыцеля. Разам з тым тэхналогіі не могуць разглядацца як цалкам нейтральныя, бо іх развіццё і выкарыстанне непарыўна звязаныя з намерамі, каштоўнасцямі і адказнасцю чалавека.

Звяртаючыся да асноўнага паслання энцыклікі, арцыбіскуп прывёў словы Святога Айца пра неабходнасць «з любоўю зберагаць тую веліч чалавецтва, якая дадзена нам і адкрыта ва ўсёй паўнаце ў Хрысце, ззянне якой ніякая машына ніколі не здолее замяніць» (MH, 15).

Іерарх нагадаў, што чалавек не можа быць зведзены да набору звестак, функцый або паказчыкаў прадукцыйнасці. Ніякая, нават самая дасканалая тэхналагічная сістэма не здольная замяніць сапраўднай чалавечай сустрэчы, сямейнай блізкасці, салідарнасці і любові.

Асаблівую ўвагу Мітрапаліт звярнуў на значэнне энцыклікі для Беларусі — краіны з вялікім інтэлектуальным патэнцыялам, таленавітымі інжынерамі, навукоўцамі і праграмістамі. Ён падкрэсліў, што з'яўленне беларускамоўнага выдання азначае магчымасць весці размову пра найважнейшыя выклікі сучаснасці на роднай мове, звяртаючыся непасрэдна да беларускага чалавека.

На думку арцыбіскупа, новая энцыкліка можа стаць важным духоўным і маральным арыенцірам для сем'яў, моладзі, настаўнікаў, святароў і спецыялістаў ІТ-сферы. Яна заклікае не адмаўляцца ад тэхналагічнага прагрэсу, а накіроўваць яго на служэнне агульнаму дабру, праўдзе, справядлівасці і найбольш слабым членам грамадства.

Мітрапаліт выказаў спадзяванне, што дакумент паспрыяе развіццю адкрытага дыялогу паміж верай і навукай, Касцёлам і сучасным лічбавым светам. «Няхай разважанне над энцыклікай Magnifica humanitas і праца сённяшняга сімпозіума дапамогуць нам заўсёды памятаць, што ў цэнтры кожнай тэхналогіі павінен заставацца Чалавек — вобраз Божы», — адзначыў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Штучны інтэлект як res novae: чалавек, тэхналогія і адказнасць

З асноўным дакладам на тэму «Штучны інтэлект як res novae. Чалавек, тэхналогія і адказнасць у святле энцыклікі Magnifica humanitas выступіў ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB, сакратар Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

У сваім выступленні дакладчык прадставіў галоўныя ідэі энцыклікі, раскрыў яе антрапалагічнае і этычнае пасланне, а таксама звярнуў увагу на значэнне папскага вучэння для сучаснай ІТ-супольнасці.

Звяртаючыся да гістарычнай сувязі паміж Rerum novarum і Magnifica humanitas, ксёндз Віктар паказаў, што абедзве энцыклікі, нягледзячы на розныя гістарычныя абставіны, аб'ядноўвае клопат Касцёла пра чалавека перад абліччам маштабных тэхналагічных і грамадскіх пераўтварэнняў. Калі ў XIX стагоддзі выклікам стала індустрыяльная рэвалюцыя, то сёння новай рэальнасцю — res nova — з'яўляецца штучны інтэлект.

Як вынікае з вучэння Папы Льва XIV, тэхналагічны прагрэс павінен ацэньвацца не толькі паводле яго эфектыўнасці, але перадусім у святле чалавечай годнасці, агульнага дабра, салідарнасці і субсідыярнасці. У аснове такога падыходу ляжыць хрысціянскае разуменне асобы, годнасць якой не залежыць ад інтэлектуальных здольнасцяў, прадукцыйнасці ці эканамічнай карысці, бо кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Бога.

Развіваючы гэтыя палажэнні энцыклікі, дакладчык асаблівую ўвагу звярнуў на маральную адказнасць тых, хто стварае і выкарыстоўвае штучны інтэлект. У сучасным свеце алгарытмы ўсё мацней уплываюць на працу, грамадскія адносіны, доступ да інфармацыі і свабоду чалавечага выбару. Таму адным з ключавых пытанняў становіцца не толькі бяспека тэхналагічных сістэм, але і тое, хто вызначае каштоўнасці і правілы іх функцыянавання.

Разам з тым, як адзначалася ў дакладзе, энцыкліка прапануе станоўчы погляд на тэхналагічную творчасць. У 111-м пункце Папа Леў XIV звяртаецца да распрацоўшчыкаў штучнага інтэлекту, паказваючы, што

тэхналагічная інавацыя можа быць формай удзелу чалавека ў Божай справе стварэння. У гэтай перспектыве праца даследчыка, інжынера ці праграміста набывае не толькі прафесійнае, але і маральнае вымярэнне, непарыўна звязанае з адказнасцю за наступствы прынятых рашэнняў.

Прадстаўляючы практычныя аспекты папскага вучэння, ксёндз Віктар спыніўся на выкліках, звязаных з дэзынфармацыяй, зменамі на рынку працы, канцэнтрацыяй тэхналагічнай улады і выкарыстаннем штучнага інтэлекту ў ваенных мэтах. Асаблівая ўвага была звернута на заклік Льва XIV да «раззбраення штучнага інтэлекту» — вызвалення тэхналагічнага развіцця ад логікі панавання, выключэння і знішчэння дзеля служэння чалавеку і агульнаму дабру.

Завяршаючы выступленне, дакладчык звярнуўся да біблійнага вобраза Бабілёнскай вежы і гімна Найсвяцейшай Панны Марыі Magnificat, да якога адсылае Папа ў заключнай частцы энцыклікі. Супастаўленне гэтых вобразаў дазволіла паказаць галоўны выбар, перад якім стаіць чалавецтва: выкарыстоўваць свае тэхналагічныя магчымасці дзеля панавання ці будаваць свет, заснаваны на справядлівасці, салідарнасці і любові.

«Сапраўдны прагрэс пачынаецца там, дзе разам з развіццём тэхналогій узрастае наша чалавечнасць»,

— такімі словамі ксёндз Віктар Гайдукевіч завяршыў свой даклад.

Беларускае выданне — плён супольнай працы

Важнай часткай сустрэчы стала прадстаўленне беларускамоўнага выдання энцыклікі Magnifica humanitas, падрыхтаванага выдавецтвам «Про Хрысто» пры падтрымцы Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі.

Пераклад дакумента на беларускую мову здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

У сваім пастырскім слове Мітрапаліт Юзаф Станеўскі выказаў удзячнасць усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і выдання энцыклікі. Асаблівую падзяку ён скіраваў ксяндзу каноніку доктару Яну Крэмісу і супрацоўнікам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, братам капуцынам на чале з кусташам братам Алегам Шэндам OFMCap, а таксама дырэктару выдавецтва «Про Хрысто» Аліне Новікавай і яе супрацоўнікам.

Словы ўдзячнасці прагучалі таксама ў адрас арганізатараў канферэнцыі «IT for Christ», у тым ліку ксяндза Яўгена Шымановіча, а таксама сястры Чаславы Навіцкай і супрацоўнікаў Хрысціянскга сацыяльнага цэнтра, які стаў месцам сустрэчы прадстаўнікоў Касцёла і ІТ-супольнасці.

Асаблівым момантам прэзентацыі стала сімвалічная перадача асобнікаў энцыклікі «Magnifica humanitas». З рук Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага выданне атрымалі прадстаўнікі ІТ-супольнасці і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.

Гэты сімвалічны жэст падкрэсліў галоўную ідэю мерапрыемства:

Энцыкліка скіравана не толькі да духавенства і тэолагаў, але і да людзей, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у развіцці сучасных тэхналогій і фарміраванні лічбавай будучыні.

Запрашэнне да дыялогу пра будучыню чалавека

Прэзентацыя энцыклікі Magnifica humanitas стала важнай нагодай для сустрэчы Касцёла з прадстаўнікамі сучаснай лічбавай сферы і сумеснага разважання над пытаннямі, якія яшчэ нядаўна здаваліся выключна тэхнічнымі.

Першы такога рангу дакумент Папы Льва XIV нагадвае, што развіццё штучнага інтэлекту — гэта не толькі пытанне новых магчымасцяў, хуткасці вылічэнняў або эфектыўнасці алгарытмаў. Перадусім гэта пытанне пра чалавека, яго месца ў свеце і адказнасць за будучыню.

Беларускамоўнае выданне энцыклікі адкрывае новыя магчымасці для знаёмства з сацыяльным вучэннем Касцёла і далейшага асэнсавання тэхналагічных пераменаў у святле хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Пазнаёміцца з тэкстам энцыклікі Magnifica humanitas на беларускай мове можна на афіцыйным сайце Апостальскай Сталіцы Vatican.va і на партале Catholic.by.

Больш фота будзе дададзена пазней.

Абноўлена 21.11.2026 23:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця