Пошук

29.06.2026 11:36   Catholic.by

Падчас урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе — Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі4 ліпеня ў 9.45 адбудзецца прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем», падрыхтаванага Секцыяй касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Секцыю ўзначальвае спадар Уладзімір Неўдах, які каардынуе працу над упарадкаваннем і развіццём касцёльнай музычнай культуры ў нашай краіне.

Спеўнік быў ухвалены Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на 97-м Пленарным пасяджэнні 18 сакавіка 2026 года. У Дэкрэце ККББ падкрэсліваецца:

«Абвяшчаем гэтае выданне агульнабеларускім літургічным спеўнікам і абавязваем карыстацца дадзеным спеўнікам пры кожнай цэлебрацыі літургіі, якая адбываецца на беларускай мове, ва ўсіх дыяцэзіях на Беларусі. Выкарыстанне іншых спеўнікаў не дазваляецца».

Гэта азначае, што з моманту абвяшчэння спеўніка ўсе ранейшыя ўласныя ініцыятывы, неўхваленыя ККББ, не могуць выкарыстоўвацца ў літургіі. Новы спеўнік становіцца адзіным афіцыйным і абавязковым музычным выданнем для ўсіх парафій, супольнасцяў і хораў, якія служаць на беларускай мове.

Спеўнік «Божа, мы Цябе ўслаўляем» аб’ядноўвае тэалагічную, музычную і літургічную спадчыну беларускага Касцёла. У ім прадстаўлены традыцыйныя беларускія літургічныя спевы, класічныя гімны, сучасныя духоўныя кампазіцыі, а таксама музычныя матэрыялы для ўсіх перыядаў літургічнага года. Выданне стане асновай для фармавання агульнай музычнай традыцыі, якая аб’ядноўвае парафіі па ўсёй Беларусі, і будзе служыць інструментам адзінства ў літургічнай практыцы.

Асаблівая ўдзячнасць выказваецца членам Секцыі касцёльнай музыкі, аўтарам спеваў і складальнікам спеўніка, якія на працягу некалькіх гадоў ажыццяўлялі вялікую і адказную працу: збіралі матэрыялы, правяралі тэксты і ноты, узгаднялі літургічныя нормы, рыхтавалі музычныя адаптацыі і стваралі адзіны стандарт беларускамоўнай літургічнай музыкі. Іх адданасць, прафесіяналізм і любоў да касцёльнага спеву зрабілі магчымым з’яўленне гэтага важнага выдання, якое будзе служыць Касцёлу на Беларусі многія гады.

Удзячнасць таксама кіруецца Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла — за рэдакцыйную працу і клопат пра дакладнасць тэкстаў, а таксама выдавецтву «Pro Christo» — за арганізацыю друку і высокую якасць выдання.

Распаўсюджванне спеўніка даручана сакратару Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ — ксяндзу каноніку Віктару Гайдукевічу SDB. Ён з’яўляецца каардынатарам, да якога могуць звяртацца пробашчы і ўсе зацікаўленыя для набыцця спеўніка.

Набыць спеўнік можна некалькімі спосабамі:

  • падчас агульнабеларускіх касцёльных урачыстасцяў і іншых маштабных мерапрыемстваў;
  • па папярэднім заказе з магчымасцю самавывазу з Бараўлян;
  • праз дастаўку па Беларусі пры ўмове аплаты пакупніком транспартных выдаткаў.

Для папярэдняга заказу, арганізацыі самавывазу або атрымання дадатковай інфармацыі звяртайцеся па тэлефонах:
+375 (29) 317 92 91
+375 (29) 387 19 26

Спеўнік будзе даступны падчас галоўных касцёльных фэстаў у Беларусі, у тым ліку ў Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе, Лагішыне і Бялынічах. Гэта дазволіць вернікам з розных рэгіёнаў краіны набыць афіцыйнае выданне падчас найбольш значных дыяцэзіяльных і нацыянальных урачыстасцяў.

Прэзентацыя спеўніка ў Будславе стане знакам удзячнасці Богу за шлях, які беларускі Касцёл прайшоў за апошнія тры дзесяцігоддзі. Новы спеўнік — гэта не толькі музычнае выданне, але і сімвал адзінства, сталасці і духоўнага адраджэння.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.