Пошук

10.01.2025 11:06   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

З 3 па 5 студзеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі на тэму распазнання паклікання.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на духоўныя практыкаванні сабраліся больш за тры дзясяткі юнакоў з розных мясцін Беларусі.

Галоўнай думкай, над якой разважалі ўдзельнікі, быў верш з Евангелля паводле Яна «Я ж назваў сябрамі вас» (Ян 15, 15).

Рэкалекцыі пачаліся малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці аб міры ў свеце, за Касцёл, аб навяртанні грэшнікаў, за сем’і ўдзельнікаў рэкалекцый і аб тым, каб Езус у сваёй міласэрнасці дазволіў ім распазнаць сваё пакліканне. Потым адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў рэктар семінарыі ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі.

Гамілію прамовіў мадэратар прапедэўтычнага курса семінарыі ксёндз Павел Скуба, які на прыкладзе святога Яна Хрысціцеля патлумачыў, што для таго, каб зразумець сваё пакліканне, трэба «зменшыць гук» гэтага свету і на некаторы час сысці з яго ў «пустыню».

Таксама святар звярнуў увагу на тое, што Ян Хрысціцель не засланяў Хрыста, хоць і быў Яго сябрам, і падобным чынам кожны хрысціянін, асабліва пакліканы, павінен быць сябрам Езуса, бо такім яго лічыць сам Езус.

Увечары юнакі мелі магчымасць задаць пытанні святару і семінарыстам.

Другі дзень распачаўся літургічнай малітвай Касцёла — Ютранню.

Пасля снедання ўдзельнікаі выслухалі канферэнцыю, у якой ішла гаворка пра сяброўскія адносіны Езуса да кожнага, а таксама тлумачылася, якім павінна быць сапраўднае сяброўства і што значыць сябраваць.

Святую Імшу ў гэты дзень цэлебраваў прэфект семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі. Адной з асноўных думак гаміліі, якую прамовіў ксёндз Павел Скуба, было тое, што калі хтосьці ўказвае нам на Хрыста, трэба зацікавіцца і прыкласці намаганні, каб лепш пазнаць Яго, не баяцца задаць Яму свае пытанні, і Ён адкажа на іх тым ці іншым чынам.

Праграма гэтага дня ўключала Вяночак да Божай Міласэрнасці, які яны маліліся ў інтэнцыях удзельнікаў рэкалекцый, а таксама за Касцёл у Беларусі, яго вернікаў і пастыраў. Пасля была магчымасць правесці час у размовах за гарбатай ці кавай, пагуляць у більярд ці тэніс, наведаць трэнажорны зал.

Увечары юнакі наведалі гродзенскую катэдру, дзе маглі памаліцца перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай. Пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі пазнаёміў іх з гісторыяй абраза і распавёў аб тым, якія цуды Маці Божая чыніць для людзей. Потым маладыя людзі мелі магчымасць пашпацыраваць па вячэрнім Гродне.

Апошні дзень рэкалекцый — нядзеля — распачаўся малітвай і разважаннем над Божым словам.

Пасля адбылася канферэнцыя на тэму: «Які я сябар для Хрыста і для бліжняга?»

Яна была таксама своеасаблівым рахункам сумлення для юнакоў: у яе межах былі зададзены пытанні пра жаданне размаўляць з Хрыстом праз малітву, сустракацца з Ім у Эўхарыстыі, перапрашаць у споведзі за правіны, слухаць Яго ў Божым слове; пытанні адносна сяброўства з бліжнімі, напрыклад, ці адказваю я ім такім жа сяброўствам, якога патрабую ад іх.

Кульмінацыйным пунктам праграмы рэкалекцый была святая Імша ў гродзенскай катэдры, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

На літургіі іерарх звярнуўся з пастырскім словам да ўсіх вернікаў і ў прыватнасці да ўдзельнікаў рэкалекцый, якія падчас Імшы служылі як міністранты.

Маладыя людзі атрымалі пастырскае благаслаўленне на зваротную дарогу, а таксама зрабілі фотаздымак на памяць. Рэкалекцыі пакінулі ва ўдзельнікаў добрыя ўражанні і далі ім духоўны пасілак для разважанняў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.