Пошук


З 22 па 24 ліпеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі, прысвечаныя распазнанню паклікання, пад назвай «Святыя Дамінік Савіо, Антоні Падуанскі, Ян Марыя Віянэй людзі, якія сталі сябрамі Бога і з’яўляюцца сябрамі для нас».

Удзельнікамі рэкалекцый былі міністранты парафій Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Мэтай духоўных практыкаванняў было дапамагчы ўдзельнікам задумацца над сваім жыццёвым пакліканнем, а перш за ўсё над пакліканнем усіх хрысціян да святасці, і паспрабаваць адказаць на пытанні, якія датычаць кожнага з іх.

Уступная канферэнцыя, якой папярэднічаў Вяночак да Божай Міласэрнасці, была прысвечана тэме святасці і сяброўства з Богам у сённяшнія часы. Потым адбылася святая Імша. Паколькі ў гэты дзень быў літургічны ўспамін святой Марыі Магдалены, у гаміліі была звернута ўвага на яе асобу і было адзначана, што змяніць сваё жыццё яе падштурхнулі любоў і міласэрнасць Езуса Хрыста і што святой Марыя Магдалена стала таму, што навучылася любіць.

Вечар першага дня рэкалекцый удзельнікі правялі за братэрскімі размовамі пры гарбаце і каве, а таксама за настольнымі гульнямі, тэнісам і більярдам. Скончыўся дзень адарацыяй, разважанні ў межах якой звярталі ўвагу на сутнасць сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння.

Другі дзень распачаўся з супольнай Ютрані ў капліцы семінарыі. Пасля сняданку ўдзельнікі рэкалекцый разам разважалі над прыкладам жыцця святога Дамініка Савіо, які для большасці з іх з’яўляецца равеснікам, над яго шляхам да святасці і пастулатамі яго жыцця. З гэтых пастулатаў, як паведамляецца, удзельнікаў асабліва ўразіў наступны: «Лепш памерці, чым зграшыць».

Пасля канферэнцыі прысутныя паглядзелі хрысціянскі фільм «Джошуа», які апавядаў пра тое, як людзі сустрэлі б Хрыста, калі б Ён прыйшоў у цяперашнія часы. Пасля абеду ўдзельнікі рэкалекцый наведалі мястэчка Адэльск каля Гродна па запрашэнні пробашча мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксяндза каноніка Віктара Мыслюка. Там яны пазнаёміліся з гісторыяй парафіяльнага касцёла, выслухалі канферэнцыю пра святога Антонія Падуанскага, які асабліва шануецца ў гэтай парафіі, а пасля пачастунку, прыгатаванага мясцовымі вернікамі, ушанавалі Маці Божую і разам з парафіянамі прысутнічалі на Імшы. Візіт у парафію пакінуў ва ўдзельнікаў рэкалекцый добрыя ўражанні і ўспаміны. Яны адзначаюць гасціннасць мясцовых вернікаў.

Вячэра ў гэты дзень была ва ўдзельнікаў рэкалекцый на свежым паветры. Смажачы каўбаскі, яны размаўлялі, дзяліліся думкамі і перажываннямі. Іх наведаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Іерарх пацікавіўся, з якіх яны парафій, спытаўся пра іх праблемы, адказаў на пытанні. Вечар праходзіў у братэрскай атмасферы.

У трэці дзень рэкалекцый удзельнікі пасля Ютрані і сняданку пазнаёміліся з постаццю святога Яна Марыі Віянэя, даведаўшыся пра яго дзяцінства, шлях да святарства, пастырскую дзейнасць у Арсе. Было адзначана, што, паколькі гэты святы з’яўляецца апекуном святароў і пакліканых, то, каб распазнаць сваё пакліканне, можна прасіць для гэтага Божай мудрасці праз яго заступніцтва.

Урачыстым завяршэннем рэкалекцый стала Імша ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксаверыя, якую цэлебраваў біскуп Уладзімір Гуляй.

Падчас прамоўленай гаміліі пастыр дыяцэзіі, разважаючы над тэмай святарскага паклікання, даў маладым людзям наступныя парады, як распазнаць сваё пакліканне:

  • маліцца: «Кожную раніцу або вечар спытай у Езуса: “Пане, што Ты падрыхатаваў для мяне? Дапамажы мне быць добрым чалавекам”»,
  • задаваць пытанні — бацькам, святару, старэйшым сябрам,
  • назіраць за сэрцам: «Што робіць цябе шчаслівым? Ці любіш ты дапамагаць? Ці хочаш быць блізка да Касцёла?»,
  • не баяцца марыць: «Ты можаш быць святаром, татам, манахам, лекарам, спартсменам… Але найважнейшае — заўсёды быць блізка да Бога».

Біскуп Гуляй благаславіў удзельнікаў рэкалекцый на вяртанне дадому, папрасіў перадаць прывітанне родным, блізкім, святарам іх парафій.

Абноўлена 31.07.2025 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа