Пошук

04.11.2024 12:42   Фота: кс. Павел Эйсмант, Юрый Чупрэта / Catholic.by

З 1 па 3 лістапада арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіўся на свааёй малой радзіме, у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад).

Разам з землякамі заслужаны іерарх адсвяткаваў урачыстасць Усіх Святых, памаліўся за памерлых, а таксама адзначыў 35-годзе свайго біскупскага служэння.

Ва ўрачыстасць Усіх Святых ён узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле сваёй роднай парафіі. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім адзначыў, што ўсе хрысціяне пакліканыя да святасці.

«Урачыстасць Усіх Святых нагадвае нам, кім мы з’яўляемся і якая светлая будучыня для нас падрыхтаваная. Святыя заклікаюць нас кіраваць позірк на духоўныя справы. Яны, таксама як і мы, павінны былі змагацца са спакусамі, з Божай дапамогай іх перамаглі і такім чынам дасягнулі святасці», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён прывёў прыклад шэрагу святых розных часоў, заўважыўшы, што святасць магчымая таксама сёння, у ХХІ стагоддзі.

Увечары 1 лістапада арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі памерлых на адэльскіх могілках, дзе пахаваныя таксама яго родныя.

Набажэнства сабрала вялікую колькасць людзей з самога Адэльска, з ваколіц і з Гродна.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што так, як увосень прырода замірае, а ўвесну аджывае, таксама і чалавек жыве і памірае, каб потым уваскрэснуць.

«Смерць — гэта паўсюдны закон, якога ніхто не можа змяніць. Хоць смерць нясе смутак, тым не менш мы павінны на яе глядзець праз прызму праўды Змёртвыхпаўстання, якая кажа, што смерць не мае апошняга слова.

Сцежка да магілы не з’яўляецца апошняй дарогай, але пачаткам новага, вечнага жыцця», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён нагадаў, што недастаткова толькі прынесці на магілу кветкі і запаліць свечкі, а што галоўнае — гэта малітва і ахвяраванне адпусту за памерлых.

«У гэты дзень жыццё аддае пашану смерці. Жывыя разамўляюць з памерлымі і пытаюцца іх аб лёсе пасля смерці. Стоячы каля іх магілаў, мы ўслухоўваемся ў іх праніклівы голас. Помнікі на магілах — гэта красамоўная амбона. Што кажуць нам памерлыя і чаму навучаюць?

Мы павінны слухаць іх уважліва, бо ад іх зыходзіць праўда, што пасля завяршэння зямнога жыцця трэба будзе стаць перад Хрыстом-Суддзёй, каб здаць найважнейшы экзамен», — падкрэсліў іерарх, выказаўшы пажаданне, каб малітвы вернікаў адкрылі душам памерлых дарогу да неба, а ўспамін пра іх каб спрыяў навяртанню жывых.

У нядзелю 3 лістапада арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў у адэльскім касцёле святую Імшу падзякі за 35 гадоў біскупскага служэння. Разам з заслужаным іерархам маліліся пробашч парафіі ў Адэльску ксёндз канонік Віктар Мыслюк, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, іншыя святары і шматлікія вернікі.

Звярнуўшыся да іх, арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што прызначэнне яго першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі было падзеяй, дзякуючы якой Адэльск стаў вядомым ва ўсім паўсюдным Касцёле.

За некалькі хвілін да гэтага, уваходзячы ў сятыню, арцыпастыр падышоў да хрысцільніцы, у якой быў ахрышчаны, памаліўся перад ёй і пацалаваў на знак таго, што менавіта тут распачаўся шлях яго паклікання і служэння.

У гаміліі ён падзякаваў бацькам, блізкім і сваім землякам за прыклад жывой веры і ўплыў на хрысціянскае выхаванне, што асабліва праявілася ў часы ганенняў.

«Не было б вас, не было б і мяне», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх нагадаў, што з адэльскай парафіі паходзяць ажно чатыры біскупы. Трое з іх жылі ў XVII–XVIII стагоддзях, у розны час былі Смаленскімі біскупамі і пахаваныя ў віленскай катэдры. Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, гэта сімвалічна, бо і яго жыццё было звязана з Вільняй, а Смаленск уваходзіў у яго біскупскую юрысдыкцыю падчас служэння ў Расіі. «Чатыры біскупы, якія паходзяць з Адэльска, даюць права называць Адэльск „біскупскім горадам“», — адзначыў іерарх.

Напрыканцы гаміліі ён пажадаў сваім землякам заўсёды заставацца вернымі Богу і традыцыі бацькоў, а таксама жыць праўдай Евангелля, якая ніколі не змяняецца і вядзе да свабоды духа.

Іерарх заахвоціў маліцца за пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, «бо з іх могуць вырасці новыя біскупы».

Пасля Імшы вернікі павіншавалі свайго земляка, а дзіцячы хор з касцёла Маці Божай Анёльскай з Гродна, дзе Тадэвуш Кандрусевіч пэўны час быў пробашчам, выступіў з канцэртам.

 

Абноўлена 04.11.2024 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа