Пошук

22.10.2024 13:47   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Агата Фядкевіч / Grodnensis.by

19 кастрычніка ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася Імша падзякі за пастырскае служэнне біскупа эмэрыта Аляксандра Кашкевіча, які быў першым біскупам Гродзенскім і ўзначальваў Гродзенскую дыяцэзію больш за 33 гады, з часу яе ўтварэння ў 1991 годзе.

Як нагадвае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту іерарх сышоў на пенсію, пра што было паведамлена Апостальскай нунцыятурай у Беларусі.

Заслужаны іерарх узначаліў цэлебрацыю Імшы падзякі ў галоўным касцёле Гродзенскай дыяцэзіі, які доўгі час быў яго біскупскай катэдрай.

У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, вернікі з розных парафій з усёй дыяцэзіі.

Наступнік біскупа Кашкевіча на Гродзенскай катэдры біскуп Уладзімір Гуляй, які кананічна ўступіў на пасаду з моманту прыняцця адмовы ад пастырскага кіравання яго папярэдніка Папам Францішкам, на пачатку літургіі прывітаў сабраных у святыні, адзначыўшы, што гэтая Эўхарыстыя яднае іх у малітве праслаўлення Бога і падзякі Яму за ўсе даброты.

Малады Гродзенскі біскуп падкрэсліў, што біскуп Кашкевіч стаў неад’емнай часткай дыяцэзіяльнай супольнасці і што ўдзел у гэтай Імшы — нагода выказаць яму «глыбокую ўдзячнасць за шматгадовае чалавечае, святарскае і біскупскае служэнне, багатае на Божую ласку і поўнае евангельскай радасці <…>.

Служэнне, якім вы на працягу гэтых гадоў шчодра нас адорвалі. А мы з удзячнасцю гэта прымалі і пакорна прабывалі на дарозе веры, надзеі і любові, слухаючы голас свайго пастыра і ідучы за ім», — дадаў біскуп Гуляй, звяртаючыся да свайго папярэдніка.

Па словах новага пастыра Гродзенскага Касцёла, усе, хто ўглядаўся ў служэнне яго папярэдніка, бачылі прыклад вернасці Богу і пакліканню, a сведчаць аб гэтай вернасці шматлікія новыя святыні і парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, мноства святароў і кансэкраваных асобаў; біскуп Аляксандр вучыў вернікаў дыяцэзіі будаваць жыццё на Эўхарыстыі, звяртаючыся да Божай міласэрнасці і аддаючы сябе ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, асабліва Яе Беззаганнаму Сэрцу.

«Сёння як ваш наступнік дзякую вам, Эксцэленцыя, за айцоўскае сэрца і мудрыя парады, якімі дзеліцеся са мной. З першага моманту майго служэння ў Касцёле на Гродзеншчыне Вы былі маім айцом і правадніком, падзяляючы пастырскую місію. Я глыбока спадзяюся, што мы і далей будзем радавацца вашай актыўнай прысутнасці ў жыцці нашай дыяцэзіі», — сказаў біскуп Гродзенскі.

Біскуп Кашкевіч у гаміліі заахвоціў дзякаваць Богу за дар Эўхарыстыі, за ўсе атрыманыя ласкі, асабліва за дар святарства, кансэкраванага жыцця і дыяцэзіяльнай супольнасці. Іерарх падкрэсліў, што Хрыстовы Касцёл «не перастае здзіўляць нас сваёй моцай, дынамічнасцю, невычэрпным патэнцыялам духу». «Хачу дзякаваць Добраму Богу за дар жыцця і дар простай веры, каштоўнасці якой перадалі мне мае любыя бацькі, а потым развівалі і ўгрунтоўвалі святары, законныя сёстры, сямейнае атачэнне і шмат цудоўных людзей, якіх Бог паставіў і ставіць на дарозе майго святарскага, а потым біскупскага паклікання», — дадаў ён.

Біскуп эмэрыт узгадаў пачаткі ўтварэння Касцёла на Гродзеншчыне, свой страх перад выклікамі, якія паўсталі перад ім, калі яго прызначылі пастырам дыяцэзіі.

«Гэта было для мяне вялікай нечаканасцю. Я адчуваў сябе нягодным прыняць гэтае прызначэнне і са страхам задаваў сабе пытанне, ці спраўлюся з гэтай вялікай задачай. І тады я прыгадаў пакліканне Майсея, прарока Ераміі і святога апостала Паўла, якія, пакліканыя па імені Панам Богам, пачулі Яго запэўненне: „Я з табою… Я буду з табою… Хопіць табе Маёй ласкі“», — прызнаўся заслужаны іерарх. Ён дадаў, што шмат разоў прыгадваў словы Езуса: «Хопіць табе Маёй ласкі» (2 Кар 12, 9), i гэтае запэўненне было «моцным духоўным багажом, невычэрпнай крыніцай надзеі, даверу і супакою сэрца».

Біскуп падзякаваў Богу за дадзеную яму «ласку стаць відавочцам вялікай вясны Касцёла», калі ў 90-я гады ён узначаліў дыяцэзію. «Я бачыў слёзы радасці на тварах вернікаў, калі пасля многіх гадоў яны ўваходзілі ў свае святыні, ачышчаныя, прыведзеныя ў парадак і адноўленыя, пераважна ўласнымі рукамі. Бачыў радасць дзяцей і моладзі, якія з праўдзівым і шчырым запалам наведвалі штотыднёвыя ўрокі рэлігіі, бралі ўдзел у «канікулах з Богам», пілігрымках, днях моладзі ці дзяцей і іншых касцёльных падзеях. Да сённяшняга дня ў мяне перад вачыма натоўпы людзей, якія чакалі прыняцця сакрамэнту канфірмацыі ў сваіх парафіяльных касцёлах», — узгадаў біскуп Кашкевіч, дадаўшы, што ў той час ажыўлялася «вера ў Бога адзінага, жывога і праўдзівага».

У сувязі з гэтым заслужаны іерарх падзякаваў усім, хто ўключаўся тады ў справу адраджэння на Гродзеншчыне касцёльнага жыцця, у тым ліку сваім супрацоўнікам, якія падтрымлівалі яго ў служэнні.

«Не перастаю праслаўляць Пана Бога за гэты Касцёл з жывых сэрцаў дзяцей і моладзі, дарослых і людзей старэйшага пакалення, сем’яў, самотных людзей, свецкіх і духоўных — за ўсіх, хто ставіць Хрыста на першае месца ў сваіх сэрцах», — сказаў біскуп і паабяцаў усім, хто ўтварае Гродзенскую дыяцэзію, штодзённа маліцца за іх.

Акрамя таго, ён папрасіў прабачэння ва ўсіх, хто калісьці мог адчуць сябе пакрыўджаным з яго боку, і запэўніў, што зрабіць камусьці непрыемнасць ніколі не было яго намерам.

Свайму наступніку ён пажадаў шчодрасці Божых дароў, асабліва святла Духа Святога, апекі Маці Божай Кангрэгацкай, якая ўшаноўваецца ў гродзенскай катэдры, папрасіў яго прабываць у адзінстве са святарамі, законнымі сёстрамі і супольнасцямі, запэўніў у сваёй малітве і паабяцаў супрацоўніцтва і паслухмянасць.

«Няхай Езус Хрыстус благаславіць нашу цудоўную Гродзенскую дыяцэзію і ўсю Беларусь», — пажадаў біскуп Кашкевіч, а завяршыў гамілію зваротам да Хрыста, змешчаным у яго пастырскім дэвізе: «Езу, давяраю Табе!»

Напрыканцы Імшы біскупу эмэрыту выказалі шмат цёплых словаў удзячнасці.

Ад імя духавенства Гродзенскай дыяцэзіі яму падзякаваў яго шматгадовы супрацоўнік ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, канцлер дыяцэзіяльнай курыі.

Падзяку ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі выказаў айцец Аляксандр Махнач SP, пробашч шчучынскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i святой Тэрэзы Авільскай.

Ад імя архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, біскупу падзякаваў за падтрымку іх супольнасці айцец Андрэй Крот, які ўзначальвае гродзенскую грэка-каталіцкую парафію Маці Божай Фацімскай.

Дзеці з катэдральнай гродзенскай парафіі выказалі іерарху падзяку ад імя ўсіх дзяцей дыяцэзіі і выканалі музычны твор.

Ад імя ўсіх сем’яў дыяцэзіі падзяку выказала сям’я з гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, мучаніцы Другой сусветнай вайны.

За душпастырскі клопат і апеку падзякавала супольнасць літоўскіх вернікаў.

Словы ўдзячнасці выказалі таксама студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і навучэнцы Тэалагічнага каледжа святога Казіміра ў Гродне.

У адказ біскуп Аляксандр Кашкевіч з глыбокай узрушанасцю падзякаваў за ўсе добрыя словы, падкрэсліўшы, што не развітваецца з дыяцэзіяй, а будзе па меры сіл старацца дапамагаць новаму ардынарыю ў пастырскім служэнні, і выказаўшы надзею, што з’явіцца яшчэ шмат нагод для сустрэч, сумеснай малітвы і праслаўлення Бога.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа