Пошук


У 2026 годзе беларускія каталіцкія святары прымуць удзел у міжнародным чэмпіянаце па міні-футболе, які пройдзе з 9 па 13 лютага ў Любліне (Польшча). Ужо на працягу некалькіх тыдняў па панядзелках каманда зборнай Беларусі праводзіць інтэнсіўныя трэніроўкі ў спарткомплексе «Лідар» у Навагрудку.

Акрамя спартыўных мэтаў, кожная такая трэніроўка садзейнічае ўсталяванню братэрства паміж удзельнікамі: святары збіраюцца разам, размаўляюць, маюць магчымасць выказваць адзін аднаму падтрымку і ствараць супольнасць, у якой можна будзе адчуваць сябе адной сям’ёй.

Па словах святароў, асаблівай радасцю для іх з’яўляецца ўдзел у гэтых трэніроўках біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які разам з іншымі выходзіць на пляцоўку, натхняе іх і падтрымлівае сваім прыкладам дух адзінства і адданасці справе.

Міжнародны чэмпіянат святароў па міні-футболе праводзіцца не толькі з той мэтай, каб дасягнуць найлепшага выніку або заняць высокае месца ў турнірнай табліцы, але і з той, каб стварыць магчымасць для сустрэчы святароў з розных краін, для супольнай малітвы, знаёмства з культурай і традыцыямі краіны, якая арганiзоўвае турнір.

«А для нас гэта таксама сведчанне таго, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна прысутнічае як у духоўнай, так і ў спартыўнай прасторы»,

— адзначаюць святары, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў чэмпіянаце.

Варта ўзгадаць, што Беларусь ужо была арганiзатарам міжнароднага чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў — гэта адбылося ў 2014 годзе ў Лідзе. Тады ў чэмпіянаце ўдзельнічалі 170 чалавек з 13 краін. На той момант біскуп Уладзімір Гуляй быў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

«І менавіта гэтая парафія стала цэнтрам таго незабыўнага турніру. А цяпер, праз крыху больш за дзесяцігоддзе, ужо біскуп Уладзімір зноў выйдзе на пляцоўку разам са святарамі з усёй Беларусі, каб аб’яднаць дух, веру і спорт у прыгожым сведчанні братэрства»,

— дзеляцца спартоўцы.

Беларусь на міні-чэмпіянаце ў Любліне прадставяць святары з трох дыяцэзій: Гродзенскай, Пінскай і Мінска-Магілёўскай.

Абноўлена 04.12.2025 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа