Пошук

14.02.2026 14:37   Catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі на Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе ў Лідзе (2014 г.). Архіўнае фота

Нагадаем, што з 9 па 12 лютага ў польскім Любліне праходзіў XVIII чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Беларусь у гэтых спаборніцтвах прадстаўляла каманда, якая складалася з духавенства трох дыяцэзій (Гродзенскай, Пінскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), а таксама прадстаўнікоў манаскіх ордэнаў.

У склад каманды ўвайшлі: кс. Аляксандр Фядотаў SCJ, кс. Ян Раманоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, кс. Анджэй Ганчар, сакратар біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, кс. Андрэй Струкель, кс. Юзаф Парфяновіч SAC, кс. кан. Юрый Ясевіч, сакратар арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, кс. Дзяніс Крываносаў SAC, кс. Эдуард Сінкевіч SCJ, кс. Андрэй Скамарошка, кс. Артур Малафей, кс. Ян Кузюк, кс. Андрэй Бурак, кс. Андрэй Лішко, бр. Сяргей Гусар OFMCap і кс. кан. Юрый Санько.

Каманда беларускіх святароў заняла 8-е месца ў агульным заліку. З гэтай нагоды Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе да прадстаўнікоў Беларусі словы віншавання.

Мае дарагія,

Ад усяго сэрца хачу падзякаваць Вам, усім і кожнаму асабіста, за ваш удзел у XVIII Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Гісторыя чэмпіянату Еўропы сярод святароў распачалася ў 2005 годзе ў Аўстрыі. З таго часу турнір стаў прызнанай у Еўропе падзеяй, якая ўмацоўвае сувязі паміж святарамі і вернікамі, якіх яны прадстаўляюць з розных краін. У 2014 годзе наша краіна мела гонар прымаць удзельнікаў чэмпіянату ў горадзе Ліда. Тады наша каманда заняла 4 месца. Сённяшнія вынікі турніру крыху іншыя, але я не аб гэтым…

«У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (2 Цім 4,7).

Так дзеліцца сваім жыццёвым досведам перажывання веры святы апостал Павел. А адзін з вас, ксёндз Анджэй Ганчар, у сваіх успамінах аб Турніры на grodnensis.by піша так: «Але галоўная перамога — не толькі турнірная табліца. Гэта сустрэчы, размовы, сумесныя малітвы, новыя сяброўствы і перакананне, што Касцёл сапраўды жыве адзінствам. Калі святары розных краін могуць стаць адной камандай на полі, гэта становіцца прыгожым знакам і для вернікаў. І далей: «Калі глядзець на гэты чэмпіянат глыбей, становіцца ясна: гаворка ідзе не проста пра спорт. Гэта сімвал таго, што святарскае пакліканне не абмяжоўваецца толькі сценамі касцёла. Яно праяўляецца і ў простых чалавечых рэчах — у сяброўстве, у сумеснай працы, ва ўменні быць разам».

Папа Леў XIV з нагоды адкрыцця XXV Зімовых Алімпійскіх гульняў у Мілане і Карціна-д’Ампеца скіраваў спецыяльнае пасланне «Жыццё ў дастатку» (пар. Ян 10, 10), у якім Пантыфік заклікае бачыць у спорце не толькі спаборніцтва, але і магутны інструмент будавання міру.

На думку Папы, «хрысціянскі позірк на спорт ставіць у цэнтр годнасць асобы, а не лічбы на табло або фінансавыя прыбыткі» Паводле яго слоў,

«спорт павінен заставацца школай цнотаў, дзе чалавек вучыцца прымаць свае абмежаванні, паважаць суперніка і разумець, што сапраўднае “жыццё ў дастатку” нараджаецца з супольнага руху наперад, а не з перамогі любой цаной».

Сапраўды, за Пантыфікам можна ствердзіць, што спорт  гэта «сучасны арэапаг», дзе Касцёл пакліканы быць прысутным, каб суправаджаць моладзь і сведчыць аб прыгажосці чалавечых адносін.

Дазвольце мне ад імя духавенства і вернікаў, а таксама заўзятараў, павіншаваць вас і падзякаваць вам, каманда беларускіх святароў па міні-футболе, за вашу ахвярную працу «пры алтары і на спартыўнай пляцоўцы». Жадаю вам і ўсім нам, каб выказванне «у здаровым целе, здаровы дух» мела абаюднае значэнне. Жадаю, каб здаровае цела і моцны дух былі нібыта два крылы для чалавека, што птаху дазваляюць здабыць вяршыні.

З малітвай за вас і за новых удзельнікаў спартыўных спабарніцтваў сярод духавенства Беларусі.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

P. S. Мітрапаліт планаваў удзел у чэмпіянаце, аднак з-за неспадзяванай смерці біскупа Казіміра Велікасельца застаўся на радзіме, каб развітацца з субратам у біскупскім служэнні.

Абноўлена 14.02.2026 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа