
З 9 па 12 лютага ў польскім Любліне праходзіў XVIII чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Беларусь у гэтых спаборніцтвах прадстаўляла каманда, якая складалася з духавенства трох дыяцэзій (Гродзенскай, Пінскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), а таксама прадстаўнікоў манаскіх ордэнаў.
У склад каманды ўвайшлі: кс. Аляксандр Фядотаў SCJ, кс. Ян Раманоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, кс. Анджэй Ганчар, сакратар біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, кс. Андрэй Струкель, кс. Ігнат Парфяновіч SAC, кс. кан. Юрый Ясевіч, сакратар арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, кс. Дзяніс Крываносаў SAC, кс. Эдуард Сінкевіч SCJ, кс. Андрэй Скамарошка, кс. Артур Малафей, кс. Ян Кузюк, кс. Андрэй Бурак, кс. Андрэй Лішко, бр. Сяргей Гусар OFMCap.
Люблін прымаў 255 святароў з 18 краін свету: Албаніі, Аўстрыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Італіі, Казахстана, Косава, Мальты, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі.
Чэмпіянат распачаўся ў панядзелак 9 лютага святой Імшой у люблінскай архікатэдры, якую ўзначаліў Мітрапаліт Люблінскі арцыбіскуп Станіслаў Будзік.
У аўторак 10 лютага пасля ранішняй Эўхарыстыі ў парафіі святога Андрэя Баболі пачаліся групавыя спаборніцтвы і матчы плэй-оф, якія праходзілі ў спартыўных залах люблінскіх ВНУ.
Увечары адбылося культурнае мерапрыемства — канцэрт Ансамбля песні і танца «Мазовія» ў Цэнтры сустрэчы культур у Любліне.
Серада 11 снежня была днём малітвы і наведвання гістарычных славутасцяў Любліна.
У чацвер 12 лютага пасля святой Імшы ў Санктуарыі Маці Божай Латычоўскай, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, адбыўся вырашальны этап турніру: кубкавыя матчы, паўфіналы і гранд-фінал, пасля чаго прайшло ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод.
Святары з Беларусі занялі годнае 8-е месца. Найлепшым гульцом каманды з Беларусі быў прызнаны брат Сяргей Гусар OFMCap.
Пераможцамі турніру сталі каманды з Польшчы (1-ае месца), Харватыі (2-е месца) і Партугаліі (3-е месца).
Гісторыя чэмпіянату Еўропы сярод святароў распачалася ў 2005 годзе ў Аўстрыі. З таго часу турнір стаў прызнанай у Еўропе падзеяй, якая ўмацоўвае сувязі паміж святарамі з розных краін.
У 2014 годзе гонар прымаць удзельнікаў чэмпіянату мела Беларусь.
Спартыўнае мерапрыемства прайшло ў Лідзе пад непасрэдным патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а таксама Лідскага раённага выканаўчага камітэта.







