
29 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным у цэнтры ў трэці раз прайшла канферэнцыя «IT for Christ», якая сабрала 60 удзельнікаў розных канфесій — адмыслоўцаў у галіне інфармацыйных тэхналогій.
Духоўны старт
Хрысціянскае мерапрыемства пад дэвізам «Вы — соль зямлі», якое аб’яднала IT- і медыяспецыялістаў, а таксама зацікаўленае духавенства, распачалося святой Імшой у капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Напачатку ўсіх сабраных прывітаў ксёндз Яўген Шымановіч, адзін з арганізатараў канферэнцыі, і падзякаваў дастойнаму госцю за прысутнасць.
Словы падзякі прагучалі таксама ў адрас арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які з’яўляецца ўдзельнікам гэтай ініцыятывы ад самага яе пачатку ўжо трэці год запар.
Заслужаны іерарх прамовіў да сабраных гамілію, у якой закрануў пытанні імклівых зменаў у жыцці сённяшняга чалавека пад уплывам развіцця навукі і тэхналогій. Прамоўца падкрэсліў, што Касцёл не цураецца гэтай новай рэальнасці, якую можна назваць «лічбавай рэвалюцыяй», аднак заклікае дзейнічаць у ёй з развагай. «Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць» (1 Кар 6, 12), — нагадаў арцыпастыр словы апостала Паўла з Першага паслання да Карынцянаў.
«Інфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект сталі адной з вызначальных рысаў нашага часу і той рэальнасцю, са сваімі плюсамі і мінусамі, у якой мы, як хрысціяне, пакліканы быць «соллю зямлі» і «святлом свету». Тое, што тэхнічна магчыма, не заўсёды этычна. Таму ў новай тэхналагічнай рэчаіснасці лічбавага свету неабходна заснаваная на маральных прынцыпах тэхналагічная свядомасць, бо неэтычна выкарыстаныя тэхналогіі могуць стаць інструментам маніпуляцыі»,
— канстатаваў іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш адзначыў, што Папа Леў XIV ад пачатку свайго служэння ў якасці наступніка святога Пятра звяртае пільную ўвагу на этычнае выкарыстанне Інтэрнэту і лічбавай прасторы і заклікае да выхавання культуры хрысціянскага гуманізму.
Лічбавыя тэхналогіі, асабліва штучны інтэлект, з’яўляюцца дынамічнай з’явай у фазе развіцця, таму складана даць ім канчатковую ацэнку і вызначыць, дзе праходзіць чырвоная лінія этычнасці іх выкарыстання. Пры ўсіх відавочных плюсах іх задзейнічання нават у пастырскім служэнні з іх боку існуе небяспека дэгуманізаванай камунікацыі, аб чым, па словах іерарха, папярэдзіў прэфект Ватыканскай Дыкастэрыі па справах камунікацыі Паоло Руфіні.
Таму, паводле арцыпастыра, варта пазбягаць празмернай тэхналагізацыі чалавека і падмены сапраўднага штучным, бо машына не ведае, што такое жывое слова, поўнае Божага Духа, што такое любоў і ахвяра. Гэта вельмі важна і ў пастырскім служэнні, якое з’яўляецца служэннем жывой асобы ў прысутнасці Бога пад дзеяннем ласкі. Акрамя гэтага, трэба таксама прытрымлівацца лічбавай гігіены.
Іерарх завяршыў гамілію малітоўным заклікам да святога Карло Акуціса, апякуна гэтай канферэнцыі, каб ён выпрасіў у Бога для кожнага яе ўдзельніка ласку выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі і штучны інтэлект згодна з Божым законам дзеля ўдасканалення жыцця і збаўлення свету.
Даклады
Пасля Імшы распачалася канферэнцыя. Былі прадстаўленыя два цікавыя даклады. З першым пад назвай «Гісторыя праекта “Паўсюдны Касцёл па-руску”» («Вселенская Церковь по-русски») выступіў яго стваральнік, госць з Ніжняга Ноўгарада (Расія) Аляксандр Баранаў. Дакладчык распавёў, як з выпадкова прачытанай цытаты Клайва Стэйплза Льюіса на старонцы ў сацсетках распачалося яго знаёмства з «дзіўным» хрысціянствам, якое пасля прывяло яго да далучэння да Каталіцкага Касцёла.
На сваім прыкладзе выступоўца заклікаў не лічыць хрысціянскую прысутнасць у Інтэрнэце і сацсетках малаважнай справай, бо «чыйсьці адзін пост, нават несвядома зроблены, можа змяніць нечае жыццё і прывесці да Хрыста». Тое самае датычыць, паводле аўтара вядомага відэапраекта, і стварэння хрысціянскага кантэнту: важна не думаць пра манетызацыю, колькасць падпісчыкаў, не пра тое, што справу зробіць нехта іншы, а смела распачынаць.
«Паваротным пунктам у гісторыі праекта, які робім я і мой сябар Раман, стаў люты 2020 года, калі бушавала пандэмія каранавірусу. Я пераклаў гадзіннае відэа “Выбуховая сіла хрысціянства” з Майкам Шмітцам, якое, па маім разліку, не магло мець поспеху, а яно “выстраліла”. Пасля Папа Францішак заклікаў усіх хрысціян 25 сакавіка гэтага ж года памаліцца “Ойча наш”, і я пераклаў і гэтае відэа. Пры 500-600 падпісчыках на канале відэа займела 40000 праглядаў! Я мог адмахнуцца ад ідэі перакладу, разлічваючы, што гэта зробяць, напрыклад, афіцыйныя службы архідыяцэзіі, але добра, што я так не падумаў, інакш відэа так і засталося б неперакладзеным»,
— прывёў пераканаўчы прыклад Аляксандр Баранаў.
Выступоўца адзначыў важнасць рэгулярнасці ў працы (сам ён перакладае і агучвае тры-чатыры відэа на тыдзень), падтрымкі аднадумцаў і малітвы. І памятаць, што ты прыносіш карысць сабе і іншым.
З другім дакладам пад назвай «Servant-leadership у дзеянні — досвед, інструменты, бізнэс-вынікі» выступіў сістэмны менеджар Сяргей Саніковіч. Былы кіраўнік шматлікіх паспяховых праектаў распавёў, як перайсці ад мадэлі традыцыйнага лідарства з акцэнтам на «я» да мадэлі лідарства-служэння з акцэнтам на «мы», мэтай якога з’яўляецца развіваць людзей, а не кіраваць імі зверху. Выступоўца адзначыў, што сам паспяхова прымяняў прынцыпы служэння ва ўсіх камандах, у якіх працаваў, і дамогся вельмі добрых вынікаў: людзі паказвалі высокую працаздольнасць і эфектыўнасць і ўсміхаліся, адчуўшы псіхалагічную бяспеку.
Прэзентацыя праектаў
Пасля серыі пытанняў дакладчыкам і смачнага абеду, прыгатаванага супрацоўнікамі сацыяльнага цэнтра, наступіла прэзентацыя хрысціянскіх праектаў ад чатырох каманд. На працягу апошніх дзесяці тыдняў кожная з іх распрацоўвала свой прадукт — канцэпцыю і рэалізацыю — пад кіраўніцтвам дасведчаных ментараў у межах «Хрысціянскага акселератара».
Першы праект пад назвай «ZORA.BY», прэзентаваны прадстаўніком каманды Аляксеем, — гэта сайт са зручным пошукам анонсаў касцёльных мерапрыемстваў з усёй Беларусі: рэкалекцый, фестываляў, пілігрымак і г.д., накіраваны перадусім на тых, хто нячаста наведвае касцёл або ўвогуле не ходзіць, але захоўвае цікавасць да рэлігійнага жыцця. Каманда ставіць перад сабой амбіцыйную мэту: вярнуць Касцёлу парафіян праз заахвочванне да ўдзелу ў акцыях. Сайт ужо гатовы да выкарыстання.
Другі праект «Спеўнік» прадставіў юны ўдзельнік канферэнцыі Уладзімір. Мабільны дадатак маладой каманды ўвасобіў жаданне многіх беларускіх католікаў мець зручны доступ да тэкстаў, нот і акордаў каталіцкіх спеваў у лічбавым выглядзе. Пакуль што ў «Спеўніку» толькі 50 песень, аднак іх спіс увесь час папаўняецца. Стваральнікі разлічваюць таксама на дапамогу карыстальнікаў у фарміраванні аўдыятэкі. Дадатак ужо можна спампаваць на платформе Android. Пра развіццё і далейшыя планы праекта каманда расказвае на сваёй старонцы ў Instagram.
Трэці праект ад падлеткавага клуба IT-энтузіястаў Carlo Club накіраваны на дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця Першай Камуніі. Гульня, якая пакуль існуе ў выглядзе дэмаверсіі, мае назву «Аўтастрада да неба», і распрацаваная згодна з падручнікам другога года падрыхтоўкі да Камуніі аўтарства сястры Нунэ Цітаян MSF. Стваральнікі заахвочваюць да знаёмства з праектам, які можа зацікавіць бацькоў і катэхетаў, на сваёй старонцы ў Instagram.
Апошні праект ад праваслаўнай каманды пад назвай «YANKA.BY» названы ў гонар святога Яна Евангеліста і накіраваны на дзве мэтавыя аўдыторыі: моладзь 25-35 гадоў, якая знаходзіцца ў духоўным пошуку, і веруючую моладзь аналагічнага ўзросту. Гэта задума онлайн- і класічнага папяровага часопіса пра хрысціянства, беларускую культуру, псіхалогію і самаразвіццё, якая пакуль існуе ў выглядзе Instagram-старонкі.
Усе праекты атрымалі высокую ацэнку як ментараў, так і ўдзельнікаў канферэнцыі.
Дыскусійная панэль
Пасля прэзентацыі праектаў і шматлікіх пытанняў да выступоўцаў з боку прысутных арганізатары запрасілі ўсіх да ўдзелу ў дыскусійнай панэлі, каб даведацца, «што знаходзіцца пад капотам хрысціянскіх праектаў».
Спікерамі выступілі сястра Часлава Навіцкая USJK, дырэктарка Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, Яўгенія Найдовіч, свецкая дырэктарка «Радыё Марыя Беларусь», і айцец Міхаіл Страха, клірык праваслаўнага прыхода велікамучаніка Георгія Пераможцы ў мінскай Чыжоўцы, стваральнік праекта мабільнага дадатка пра гісторыю Мінска праз прызму хрысціянства. Гутарку пра лідарства і выгаранне, складанасці працы ў калектыве і матывацыю мадэраваў вядоўца Андрэй Місан.
Пасля каманды-ўдзельнікі «Хрысціянскага акселератара» адзначылі свой выпускны, а ахвотным быў прапанаваны час для нэтўоркінга.





















































