20 лістапада, у літургічны ўспамін святога Рафала Каліноўскага, кармэліты босыя ў Беларусі перажывалі свята свайго апекуна і заступніка, а таксама дзень засяроджання.
Браты з супольнасцяў у Мядзелі, Мінску і Гудагаі сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Нарачы (Мядзельскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), каб памаліцца праз заступніцтва святога Рафала аб Божым благаслаўленні для супольнасці кармэлітаў босых у нашай краіне.
Афіцыйная частка сустрэчы распачалася апоўдні малітвай Літургіі гадзінаў у парафіяльным касцёле святога Андрэя Апостала. Пасля рэгіянальны настаяцель кармэлітаў у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD прывітаў усіх прысутных кармэлітаў босых, а асабліва біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які быў запрошаны духоўна суправаджаць законных айцоў у гэты дзень.
Наступным пунктам праграмы была духоўная канферэнцыя іерарха на вельмі канкрэтныя і практычныя тэмы, звязаныя з манаскім служэннем, пакліканнем, духоўнасцю, а таксама з сучаснымі выклікамі і пагрозамі для вернасці манаскаму харызмату ў кантэксце навучання спачылага Папы Францішка.
Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой у цішыні сэрца кожны з братоў меў магчымасць пабыць сам-насам з Езусам, давяраючы свае і супольныя справы Божай усемагутнасці і міласэрнасці, а таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Падчас Эўхарыстыі ў кантэксце літургіі слова святар паразважаў над постаццю і духоўнасцю святога Рафала Каліноўскага ў перыяд яго зямнога жыцця, а таксама заахвоціў дбаць пра адзінства і ахвярнасць у манаскім і святарскім служэнні мясцоваму Касцёлу. Пасля святой Імшы нарачанская супольнасць кармэлітаў босых запрасіла ўсіх удзельнікаў сустрэчы на смачны абед і супольную рэкрэацыю. У атмасферы радасці браты падзяліліся штодзённымі клопатамі, намаганнямі і дасягненнямі.
Святы Рафал Каліноўскі нарадзіўся ў Вільні ў 1835 годзе ў шляцецкай сям’і. Пры хросце яму было дадзена імя Юзаф. Ён будаваў кар’еру ў галіне ваеннай інжынерыі. Пасля паўстання 1863 года быў пазбаўлены шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў і сасланы ў Сібір на дзесяць гадоў. У дарогу будучы святар узяў крыж, Новы Запавет i кнігу Тамаша Кэмпійскага «Следам за Хрыстом». Пасля вызвалення Юзаф Каліноўскі прыбыў у дом айцоў кармэлітаў у Грацы (Аўстрыя), дзе ўступіў у Ордэн кармэлітаў босых і атрымаў імя Рафал. У 1899 годзе стаў Генеральным вікарыем кармэлітаў босых у Галіцыі. Праславіўся святасцю і асаблівым дарам спаведніка. Памёр 21 лістапада 1907 годзе ад сухотаў. Святы Папа Ян Павел ІІ абвясціў яго благаслаўлёным у 1983 годзе, святым у 1991 годзе. Святы Рафал Каліноўскі лічыцца апекуном афіцэраў і вайскоўцаў, заступнікам у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях.























