Пошук

25.11.2024 15:35   Тэкст: А. Юрый Кулай OCD / Karmel.by / Фота: Karmel.by

20 лістапада, у літургічны ўспамін святога Рафала Каліноўскага, апекуна Рэгіянальнага вікарыята кармэлітаў босых у Беларусі, прадстаўнікі гэтай манаскай супольнасці з розных мясцін сабраліся ў Мінску на патранальную ўрачыстасць.

Як паведамляецца на старонцы Рэгіянальнага вікарыята Karmel.by, браты з супольнасцяў у Гудагаі, Мядзелі і Нарачы сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Мінску. Браты з мінскай супольнасці гасцінна прывіталі сабраных, прапанаваўшы ім з дарогі пачастунак і смачную каву.

Афіцыйная частка сустрэчы распачалася малітвай Літургіі гадзінаў апоўдні ў новым парафіяльным касцёле Божага Цела.

У святыні рэгіянальны настаяцель айцец Пётр Фраштэнга OCD прывітаў усіх прысутных кармэлітаў босых, а асабліва брата Алега Шэнду OFMCap, настаяцеля Кустодыі Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі, які быў запрошаны духоўна суправаджаць прысутных у гэты дзень.

Наступным пунктам праграмы стла духоўная канферэнцыя брата Алега на вельмі канкрэтныя і практычныя тэмы, звязаныя з манаскай кансэкрацыяй, пакліканнем, духоўнасцю, а таксама з сучаснымі выклікамі і пагрозамі для вернасці манаскай харызме.

Капуцын засяродзіў увагу на тым, што малітва і братэрскія адносіны павінны будавацца на шчырасці і добразычлівасці, каб манах у сучасным свеце быў жывым носьбітам Божай любові і кансэкраванага жыцця з Богам і дзеля Бога.

Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой у цішыні сэрца кожны з братоў меў магчымасць пабыць сам-насам з Езусам, давяраючы свае і супольныя справы Божай усемагутнасці і міласэрнасці.

Урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў айцец Пётр Фраштэнга, а гамілію прамовіў брат Алег Шэнда. У кантэксце літургіі слова святар разважаў над асобай і духоўнасцю святога Рафала Каліноўскага, а таксама заахвоціў дбаць пра адзінства і ахвярнасць у манаскім і святарскім служэнні.

Пасля святой Імшы мінская супольнасць кармэлітаў босых запрасіла ўсіх удзельнікаў сустрэчы на смачны абед і супольную рэкрэацыю. У атмасферы радасці і братэрства браты падзяліліся штодзённымі клопатамі, намаганнямі і дасягненнямі.

Абноўлена 25.11.2024 15:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця