4 студзеня ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася першая ў 2025 годзе сустрэча міністрантаў з парафій мінскіх дэканатаў, а таксама з Бабруйска, Беразіно, Бялынічаў і Нясвіжа.
У сустрэчы разам са сваімі душпастырамі ўзялі ўдзел больш за паўсотні міністрантаў школьнага ўзросту і студэнтаў.
Сустрэчу распачаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які сардэчна прывітаў юнакоў.
Іерарх сканцэнтраваў увагу прысутных на святочым характары перыяду Божага Нараджэння, а таксама на радасці сустрэчы з Богам у выкананні міністранцкай паслугі.
Прыгожы, напоўнены радасцю калядны спеў, які пралунаў у старажытных мурах святыні, стаў аб’яднальным лейтматывам усёй сустрэчы.
Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту для сабраных міністрантаў правёў дыякан Аляксандр Шыманскі, які праходзіць у архікатэдральнай парафіі душпастырскую практыку перад прэзбітэрскім пасвячэннем. Перад абліччам Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі, сабраныя супольна маліліся, просячы Бога аб шматлікіх і святых пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Канферэнцыю для ўдзельнікаў сустрэчы правёў адказны за міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Дзмітрый Чупрын, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве. Святар акрэсліў станоўчыя якасці асобы міністранта, якія павінны праяўляцца не толькі падчас службы пры Божым алтары, але і ў кожную хвіліну штодзённага жыцця.
«Міністрант — узор справядлівасці, сціпласці, дабрыні; гэта чалавек, якому можна і варта давяраць», — заўважыў ксёндз Дзмітрый.
Разам з тым ён звярнуў увагу і на шэраг небяспечных пагроз для міністранта, сярод якіх асабліва адзначыў негатыўнае ўздзеянне атачэння, выкарыстанне падчас размоваў «брудных», альбо лаянкавых словаў, а таксама праявы пыхі, эгаізму і абыякавасці да тых, хто патрабуе дапамогі.
Цэлебрацыю святой Імшы ў межах стустрэчы ўзначаліў пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі. У разважанні над Божым словам святар звярнуў увагу на тое, што вучань Хрыста — гэта чалавек, які пазбягае зла, бо яно паходзіць ад д’ябла, і імкнецца да распаўсюджвання Божага дабра.
«Кожная праява службы ў Кацёле — гэта міжасобасная сустрэча веруючага чалавека з Богам», — падкрэсліў ксёндз Дзмітрый Пухальскі.
Пасля святой Імшы ўдзельнікі зрабілі супольны памятны фотаздымак. Фінальнай часткай сустрэчы міністрантаў у Мінску стаў смачны пачастунак.