Пошук

31.07.2024 09:47   Vatican News BY

Папа Францішак перапыніў свой летні адпачынак дзеля сустрэчы з удзельнікамі ХIII Міжнароднай пілігрымкі міністрантаў. Сустрэча прайшла ўвечары 30 ліпеня ў Ватыкане.

«Плошча святога Пятра — заўсёды прыгожая, але разам з вамі яна яшчэ прыгажэйшая!» — сказаў Папа, вітаючы сваіх маладых гасцей. Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прапанаваў ім паразважаць на дэвізам пілігрымкі — «З табой» (Іс 41, 10) — у канктэксце літургічнага служэння міністрантаў.

«Езус сказаў: „Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх“ (Мц 18, 20). Гэта ў найвышэйшай ступені здзяйсняецца ў Імшы, у Эўхарыстыі: там „з табой“ становіцца рэальнай і канкрэтнай прысутнасцю Бога ў Целе і Крыві Хрыста. Святар кожны дзень бачыць, як гэтая таямніца здзяйсняецца ў яго руках; і вы таксама бачыце гэта, калі служыце пры алтары. І калі прымаем святую Камунію, мы можам адчуць, што Езус „з намі“ духоўна і фізічна. Ён кажа нам: „Я з табой“, але не словамі, а ў тым жэсце, тым чыне любові, якім ёсць Эўхарыстыя.

Таксама і вы, прымаючы Камунію, можаце сказаць: „Я з Табой“, — але не словамі, а ўсім сваім сэрцам і целам, сваёй любоўю. Менавіта дзякуючы таму, што Ён з намі, таксама і мы можам быць па-сапраўднаму з Ім», — сцвердзіў Пантыфік.

Папа Францішак адзначыў, што еднасць з Хрыстом дазваляе дзяліцца Яго любоўю з іншымі людзьмі. «Так мы можам выканаць Яго запаведзь: „Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас“. Калі вы, міністранты, як Марыя, захоўваеце ў вашых сэрцах і целах таямніцу Бога, які ёсць разам з вамі, тады становіцеся здольнымі быць разам з іншымі па-новаму. Таксама і вы — дзякуючы Езусу, заўсёды толькі дзякуючы Яму — можаце сказаць бліжняму „Я з табой“ не словамі, але дзеяннямі, жэстамі, сэрцам, канкрэтнай блізкасцю: плакаць з тымі, хто плача, радавацца з тымі, хто радуецца, без асуджэння і прадузятасці, без закрытасці, без выключэнняў», — сказаў Папа, дадаўшы, што гэта датычыцца таксама адносін да людзей, якія не сімпатычныя нам, адрозніваюцца ад нас, якія з’яўляюцца чужынцамі, якія ніколі не ходзяць у касцёл і кажуць, што не вераць у Бога.

Папа Францішак падзякаваў міністрантам, якія здзейснілі пілігрымку ў Рым, каб падзяліць радасць прыналежнасці да Езуса, быць слугамі Яго любові, слугамі Яго параненага Сэрца, якое аздараўляе нашыя раны, збаўляе нас ад смерці і дорыць нам вечнае жыццё.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа