Пошук

23.10.2025 07:24   Фота: Vatican News BY / Catholic.by

22 кастрычніка падчас святой Імшы для пілігрымаў з Беларусі гамілію прамовіў Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Напачатку ён нагадаў, што прысутныя на святой Імшы знаходзяцца ў месцы, «дзе б’ецца сэрца ўсяго хрысціянства, дзе на кожным камені — адбітак гісторыі нашай веры, мучаніцтва і надзеі».

«Тут, над магілай святога Пятра, Касцёл дыхае памяццю Апостала, які, будучы слабым чалавекам, стаў моцным праз Хрыстовую ласку»,

— адзначыў ён.

Рым, паводле слоў іерарха, — гэта не проста горад, а месца хрысціянскага мучаніцтва, дзе прынялі мучаніцкую смерць апосталы Пётр і Павел і многія хрысціяне. Гэта месца, «дзе вера перамагла страх, і дзе слова “так” Пятра пераўзышло ягонае адрачэнне», бо падмуркам Касцёла з’яўляюцца «не камяні і не чалавечая веліч, але жывое сведчанне тых, хто любіць Хрыста аж да праліцця крыві».

«Мы прыехалі з краіны, якая таксама вельмі шчодра палітая крывёю мучанікаў за веру», — падкрэсліў біскуп. Ён узгадаў святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, апекуна Віцебскай дыяцэзіі, рэліквіі якога захоўваюцца ў ватыканскай базыліцы, а таксама «мучанікаў» ХХ стагоддзя — сведкаў веры, такіх як кардынал Казімір Свёнтэк, якім «Пан Бог даў ласку выжыць і вярнуцца, каб да канца свайго жыцця (…) быць нязломнымі сведкамі Хрыста і паспрыяць сваім служэннем захаванню веры і адраджэнню Касцёла ў Беларусі». Мучанікі, якія пацвердзілі сваё вызнанне веры ўласнай крывёю, паводле слоў пастыра, вучаць веруючых мужна абараняць веру, гэта значыць, абараняць Хрыста, Яго законы, Яго боскасць, саму Праўду.

Вечны Горад, як часта называюць Рым, ― гэта таксама горад Рымскіх Пантыфікаў, Папаў, «галоўнаю мэтаю служэння якіх было аднавіць усё ў Хрысце, каб людзі ўсяго свету прызналі Яго сваім Валадаром».

«Сёння ў гэтым месцы гучыць таксама малітва беларускага народа — малітва тых, хто, нягледзячы на складаную гісторыю продкаў, на выпрабаванні і боль, захаваў у сэрцы святло веры», — сцвердзіў біскуп Яшэўскі і нагадаў, што кожны Юбілей — гэта заклік да навяртання і больш глыбокага следавання за Езусам Хрыстом. Таму, на думку іерарха, пілігрымы з Беларусі прыбылі ў Рым, каб прасіць у Бога прабачэнне за недахоп веры і любові, за абыякавасць многіх сваіх суайчыннікаў да веры і да Бога.

«Мы ведаем, што сёння Беларусь перажывае складаную старонку сваёй гісторыі — час санкцый, недаверу, напружання і духоўнага пошуку. Гэта час, калі свет не заўсёды разумее нас, час, калі ўнутраныя раны, здараецца, баляць мацней, чым знешнія. Але менавіта ў такія часы Касцёл адкрывае сваё сапраўднае пакліканне — быць месцам сустрэчы, дзе чалавек не асуджаецца, а напаўняецца надзеяй, быць месцам дыялогу»,

— акцэнтаваў прамоўца.

Ён падкрэсліў, што беларусы — гэта народ, які асабліва праяўляе міласэрнасць і згоду. Сярод яго галоўных рысаў пастыр вызначыў гатоўнасць зразумець патрэбы бліжняга і дапамагчы кожнаму, каго напаткала бяда, памяркоўнасць і разважлівасць, а таксама талерантнасць у адносінах да людзей іншых веравызнанняў. «Калі гаварыць пра нашую краіну і яе спакойны, але мужны народ, то можна сказаць, што Пан Бог даручыў нам быць яго дзецьмі, якія ва ўсіх самых небяспечных абставінах імкнуцца несці спакой, Хрыстовую радасць і надзею на захаванне традыцый веры», — так акрэсліў «місію» беларусаў у свеце іерарх, заўважаючы, што іх малітва ў Рыме — гэта «заклік да духоўнага адраджэння кожнага з нас, каб Беларусь, захоўваючы хрысціянскія каштоўнасці, стала не толькі геаграфічным цэнтрам Еўропы, але і яе маральным сумленнем і прыкладам хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі».

Біскуп Аляксандр Яшэўскі выразіў упэўненасць, што Беларусь — гэта зямля, якая шмат перажыла, але не страціла сэрца: «Гэта зямля, дзе кожны крыж на ўзлеску і кожная капліца пры дарозе — гэта знак не паразы, а памяці, што Бог не пакінуў свой народ. Гэта зямля, дзе свечка перад абразом Маці Божай асвятляла і натхняла цэлыя сем’і, калі святло праўды гасілася ў грамадстве. Гэта зямля, дзе вера ператваралася ў надзею, а надзея — у служэнне». Таму Беларусь павінна быць не толькі краінай у геаграфічным сэнсе, але духоўным мастом, «дзе праўда сустракае спагаду, дзе рознасць ператвараецца ў адзінства».

Для таго, каб гэта здзейснілася, на думку іерарха, тым, хто належыць да Касцёла ў Беларусі, неабходна быць «людзьмі камуніі» — «тымі, хто нясе еднасць туды, дзе яна страчана, хто ўмее дараваць і аднаўляць сувязі, нават калі яны страчаныя». А для гэтага, у сваю чаргу, патрэбна любоў.

Апостал Пётр на пытанне пра яго любоў да Езуса адказваў Настаўніку: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 17). Гэта была размова паміж Богам, які прабачае, і чалавекам, які пакаяўся. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, праблемы і памылкі, пакліканне хрысціяніна — «любіць, нават калі цяжка; служыць, нават калі няма ўдзячнасці; мець надзею насуперак безнадзейнасці».

«Любоў — гэта не пачуццё, а рашэнне адважнага, палаючага сэрца стаць святлом там, дзе пануе ноч»,

— канстатаваў пастыр.

Ён пажадаў слухачам, каб у іх вачах засталося «святло гэтага Вечнага горада, святло Пятровай веры і Хрыстовай любові», каб Рым не застаўся ў памяці як горад мінулага, поўны хрысціянскіх помнікаў і сведчанняў славутай гісторыі Касцёла. «Для нас — гэта горад надзеі», — падсумаваў іерарх.

Апошнім акрэсленнем Рыма, якое даў пастыр, — гэта «горад Марыі», бо менавіта тут у першыя стагоддзі хрысціянства была ўзведзена першая святыня Маці Божай у Трастэверэ. «Мы прыбылі таксама з Марыйнай краіны, бо Найсвяцейшая Панна Марыя Маці Божая Будслаўская з'яўляецца Апякункай нашай Беларусі», — сцвердзіў прамоўца і заахвоціў слухачоў з удзячнасцю і глыбокай пашанай даверыць Ёй сваю сучаснасць і будучыню, каб з пілігрымкі вярнуцца іншымі, лепшымі, напоўненымі Божым святлом.

Сваю гамілію біскуп Яшэўскі завяршыў заклікам: «Святы Пётр, Апостал еднасці, маліся за Беларусь. Святая Марыя, Каралева супакою, атуляй наш народ. Хрыстэ, Пане гісторыі, учыні Беларусь краінай, якая нясе спакой, надзею і святло ў гэты неспакойны свет».

Абноўлена 23.10.2025 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця