22 кастрычніка каля пяцісот вернікаў з Беларусі, пераважна з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, здзейснілі пілігрымку да сэрца Каталіцкага Касцёла — Базылікі Святога Пятра ў Ватыкане, дзе маліліся на сваёй роднай мове.
Як падае Беларуская рэдакцыя Vatican News, пасля агульнай аўдыенцыі Папы Льва XIV, перад урачыстай літургіяй беларускія пілігрымы прайшлі ў пілігрымцы ад Замка Святога Анёла праз Плошчу Святога Пятра.
Упершыню ў Рым адправілася і прайшла ў пілігрымцы да галоўнай святыні Ватыкана такая колькасць пілігрымаў з адной дыяцэзіі Беларусі — Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Кульмінацыяй гэтага шляху стала праходжанне праз Святую Браму — адзін з найважнейшых абрадаў Юбілею, які сімвалізуе пераход ад граху да ласкі і пачатак новага жыцця ў Хрысце.
Урачыстая Эўхарыстыя пачалася ў 15.00 пры Алтары Катэдры ў ватыканскай базыліцы.
Упершыню святая Імша ў Базыліцы Святога Пятра цэлебравалася поўнасцю на беларускай мове.
Эўхарыстыю ўзначаліў Старшыня ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Імшу канцэлебравалі каля дваццаці святароў, якія суправаджалі групы пілігрымаў з розных парафій, у тым ліку з Мінска, Нясвіжа і Вілейкі. Літургічны спеў выконваў хор з вілейскай парафіі, вернікі якой таксама дапамаглі ў арганізацыі набажэнства.
Гамілію для вернікаў прамовіў Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён адзначыў, што прысутнасць беларусаў ля магілы святога Пятра — гэта знак вернасці і еднасці з Паўсюдным Касцёлам.
Поўны тэкст гаміліі ТУТ>>>

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі на заканчэнне Імшы падзякаваў усім пілігрымам за ўдзел у гэтай асаблівай малітве ў сэрцы Каталіцкага Касцёла.
Вернікі з Беларусі пасля праходжання праз Святую Браму і ўдзелу ў урачыстай Эўхарыстыі атрымалі духоўнае ўмацаванне для далейшага сведчання пра Хрыста на сваёй Радзіме.
Юбілей 2025 года становіцца для беларускіх католікаў часам абнаўлення веры і надзеі, якую яны панясуць у свае парафіі, сем'і і супольнасці.























