У нядзелю 19 студзеня ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка».
Як нагадвае, паведамляючы пра сустрэчу, Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, галоўная мэта гэтага руху — штодзённая малітвa за святароў. Удзельнікі руху здзяйсняюць яе з любоўю, разумеючы, што для духавенства неабходная такая малітоўная падтрымка.
Удзельнікі сустрэчы сабраліся з розных мясцін Гродзенскай дыяцэзіі, каб праславіць на Эўхарыстыі Нованароджнага Пана і, дзелячыся аплаткай, выказаць адзін аднаму калядныя пажаданні.
Прысутных прывітаў мадэратар руху «Маргарытка» Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Ян Раманоўскі.
Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч і некалькі святароў.
У гаміліі біскуп Гуляй засяродзіўся на пытанні пра тое, як распазнаць прысутнасць Езуса ў сваім жыцці. Па словах іерарха, гэтую прысутнасць нялёгка заўважыць сярод цяжкасцяў і пакутаў, а таксама можна мінуць сярод штодзённых спраў.
У гэтых абставінах, адзначыў біскуп, «на дапамогу прыходзіць Маці Езуса Марыя»: трэба «ісці за Яе інтуіцыяй», быць гатовымі «зрабіць усё, што скажа Езус», як параіла Маці Божая ў Кане Галілейскай.
«Сапраўды, ты не ўбачыш цуду Езуса, калі будзеш трывала трымацца сваіх перакананняў, замыкаючыся ў сваім цярпенні, прыгнечанасці, безнадзейнасці. Трэба даверыць Пану сітуацыю, у якой ты знаходзішся. Скажы ў малітве на адарацыі: „Пане, я ўжо не магу, мяне перарастае цярпенне, мой крыж. Як мне справіцца з праблемамі ў доме, адсутнасцю працы ці цяжкасцямі ў паразуменні з дзецьмі? Пане, я сам не магу“. Патрэбна гэтае адкрыццё, выйсце з „бункера“ сваёй штодзённасці. Марыя сёння паказвае табе: паслухай, што Ён скажа табе зрабіць, зрабі ўсё, але паўтараю: усё», — падкрэсліў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп заўважыў, што да словаў Пана трэба ставіцца не выбарачна, а рабіць менавіта «ўсё, што Ён скажа».
«Сваім сумневам не перашкаджай Богу аб’явіцца ў тваёй штодзённасці. Дазволь весці сябе праз жыццё нават там, дзе, здаецца, Бога быць не можа.
Зрабі ўсё, што скажа табе Пан. Прыслухайся да голасу Марыі, і слава Езуса аб’явіцца і ў цяжкасцях, і ў турботах», — заахвоціў сабраных біскуп.
Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай. Гэта адбывалася ў прыемнай сардэчнай атмасферы, было выказана шмат цёплых пажаданняў, нібы ў сапраўднай сям’і, дзе жыве клопат, любоў і міласэрнасць да кожнага.
Біскуп Уладзімір Гуляй падзякаваў усім, хто ўваходзіць у малітоўную сям’ю руху «Маргарытка», за кожную малітву ў інтэнцыі духоўных асобаў.
Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы іх малітве святары могуць рэалізоўваць сваё пакліканне, служыць Богу і людзям, узрастаць у асабістай святасці і дасканаласці, даваць добры прыклад.