
20 чэрвеня 2026 года Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля ўрачыста завяршыў навучальны год 2025–2026. Падзея прайшла ў парафіі Святога Духа (мікрараён Чыжоўка). Галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі 19 выпускнікоў трохгадовага навучання і 9 паслядыпломнікаў, якія прыйшлі па новыя веды.
«Вы — соль зямлі!»
Урачыстасць распачалася канцэлебраванай святой Імшой. Дырэктар каледжа, ксёндз канонік доктар Ян Крэміс прывітаў прысутных і адзначыў, што 19 выпускнікоў і 9 паслядыпломнікаў адчыняюць новыя старонкі жыцця. Прывітанне да ўдзельнікаў даслаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Святочную Імшу павінен быў узначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, але па прычыне хваробы ён перадаў віншавальныя словы і гамілію, якую зачытаў ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA.
У сваім звароце біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што завяршэнне навучальнага года — гэта не проста падвядзенне вынікаў, а сустрэча з Жывым Богам, якая пераўтварае веды ў прастору Аб’яўлення. «Маё сэрца як біскупа і як шматгадовага выкладчыка напаўняецца асаблівай радасцю і хвалой», — сказаў іерарх.
Цэнтральным вобразам прамовы сталі евангельскія словы:
«Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць свой смак, то чым пасоліш яе? Яна ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям» (Мц 5, 13).
Біскуп нагадаў, што ў старажытнасці соль захоўвала ежу ад сапсаванасці і надавала ёй смак, і гэты ж прынцып ляжыць у аснове хрысціянскай адукацыі. «Вашыя веды павінны стаць той глыбокай інтэлектуальнай соллю, якая прызначана выратаваць вас ад маральнай сапсаванасці, рэлятывізму і абыякавасці, вяртаючы людзям смак да праўдзівага жыцця», — заклікаў святар, падкрэсліваючы, што тэалогія без жывой веры і малітвы губляе сілу і ператвараецца ў пустую фармальнасць.
Асаблівую ўвагу іерарх надаў сувязі навукі і духоўнасці. Успамінаючы прыклады святога Тамаша Аквінскага і святога Аўгустына, біскуп адзначыў: сапраўдная хрысціянская мудрасць нараджаецца на каленях. Выкладчыкі каледжа імкнуліся не проста перадаць інфармацыю, але ўкараніць студэнтаў у традыцыі, дзе інтэлектуальная праца непарыўная з сузіраннем і пакорай.
Не абыйшлося і без рэакцыі на сучасныя выклікі, аб чым сведчыць спасылка на нядаўнюю энцыкліку Папы Льва XIV Magnifica humanitas. Іерарх заклікаў выпускнікоў быць абаронцамі чалавечнасці ў свеце, дзе пераважаюць тэхналогіі і штучны інтэлект. Ён нагадаў, што ніякая машына не заменіць чалавека, створанага па вобразу Божаму, і дадаў:
«Вы павінны ісці ў лічбавы свет, дапамагаючы людзям не згубіць сваю душу сярод экранаў і ілюзій».
Завяршальны наказ гучаў асабліва кранальна: «Смела ідзіце наперад! Не бойцеся цяжкасцяў, і памятайце, што Хрыстус заўсёды застаецца з вамі». Іерарх пажадаў, каб кожнае сведчанне выпускнікоў было напоўнена духам Хрыстовай праўды і любові.
Святая Імша працягнулася малітвай вернікаў і працэсіяй з дарамі: кнігі і канспекты як сімвал вучобы, кветкі як сведкі прыгажосці свету, садавіна як плён зямлі, а таксама хлеб, віно і вада, якія стануць Целам і Крывёю Хрыста.
«Калі ўзяўся — рабі добра, а астатняе зробіцца само»
Цырымонія ўручэння дыпломаў і сертыфікатаў пачалася з навін. Сёлетні выпуск з’яўляецца апошнім для тых, хто навучаўся тры гады.
«Наступных выпускнікоў мы ўбачым толькі ў 2028 годзе, паколькі каледж пераходзіць да чатырохгадовага навучання. Акрамя таго, паслядыпломная адукацыя больш не будзе прапаноўвацца, бо ўсе дысцыпліны ўключаць у агульны план»,
— паведаміў дырэктар каледжа ксёндз Ян Крэміс.
Кіраўнік установы назваў імёны трох выдатнікаў, якія за гады навучання не атрымалі іншых адзнак, акрамя «выдатна»: Аляксандра Жураўлёва, Алена Маціеўская і Марыя Ткачэнка. Чатыры дыпломныя працы рэкамендаваны для друку ў каталіцкіх СМІ. Яшчэ адзін факт, варты увагі — гэта колькасць выпускнікоў, абраўшых даволі рэдкія спецыяльнасці: два касцёльных сурдаперакладчыка і тры кантары.
Асабліва былі ўзгаданы студэнты з далёкіх мясцін. Антон Штура з вёскі Празарокі — самы старэйшы з выпуску (1961 год нараджэння). Кожныя два тыдні ён пераадольваў 420 км у абодва бакі, каб наведаць заняткі. У прыватнай размове Антон прызнаўся, што трапіў у каледж выпадкова, але, як кажа сам, «калі ўзяўся — рабі добра, а астатняе зробіцца само». Нягледзячы на вандроўныя прыгоды, ён адчувае сум з прычыны таго, што ўсё скончылася, і ў далейшым бачыць сябе катэхетам.
Дыпломы і сертыфікаты ўручаў Апостальскі адміністратар для Грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Выкладчыкі і святары атрымалі ад выпускнікоў памятныя ручкі з гравіроўкай «Выпуск 2026 МТК», а каледжу падаравалі гукаўзмацняльную аўтаномную калонку і пясочны гадзіннік на 45 хвілін. Стараста групы Алена Маціеўская ад імя ўсіх выпускнікоў сказала:
«Мы разам маліліся, вучыліся, пераносілі цяжкасці. За гэтыя гады мы атрымалі вялікі досвед і ведаем, колькі працы стаіць за кожным заняткам, і таму дзякуем вам».
Словы падзякі былі адрасаваны таксама пробашчам і блізкім. Акрамя дыпломаў, выпускнікі атрымалі памятныя падарункі ад першакурснікаў, а ўрачыстасць завершылася салодкім сталом.
Выпуск 2026 года стаў чатырнаццатым з моманту адкрыцця Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля ў 2010 годзе. Чарговая ўступная кампанія распачнецца 25 чэрвеня, іспыты адбудуцца 22 жніўня, а новы навучальны год пачнецца 5 верасня 2026 года.



































































