10 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста завяршыўся святой Імшой 2025-2026 навучальны год.
Імшу цэлебраваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Візіт прадстаўніка Святога Айца стаў для супольнасці семінарыі асаблівай нагодай адчуць адзінства з Паўсюдным Касцёлам і падзякаваць Богу за чарговы год фармацыі. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, студэнты семінарыі, яе выкладчыкі і супрацоўнікі (духоўныя і свецкія асобы) на чале з рэктарам ксяндзом Янам Раманоўскім.
Біскуп Гродзенскі ў прывітальным слове да прысутных сказаў, што кожнае заканчэнне навучальнага года ў семінарыі «становіцца нагодай не толькі падвесці вынікі зробленага, але найперш убачыць, як праз штодзённыя намаганні чалавека дзейнічае Божая ласка».
Біскуп узгадаў ксяндза Яна Сарэлу, памерлага нядаўна, які шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці семінарыі.
Дзякуючы кіраўніцтву і выкладчыкам семінарыі, іерарх адзначыў, што іх праца «патрабуе вялікай мудрасці, цярплівасці, ахвярнасці і сапраўднага айцоўскага сэрца».
Выказваючы падзяку ўсім супрацоўнікам гэтай навучальнай установы, заўважыў, што яны «ствараюць атмасферу дому, у якім могуць узрастаць новыя пакаленні пакліканых».
Семінарыстам біскуп сказаў: «За вамі месяцы вучобы, экзаменаў, малітвы, супольнага жыцця, душпастырскіх практык, духоўнай барацьбы і распазнання Божай волі. Наперадзе — летнія канікулы, але таксама час новых абавязкаў, служэння ў парафіях, сустрэч з людзьмі і далейшага ўзрастання ў пакліканні. Няхай гэты час будзе для вас не перапынкам у духоўным жыцці, а новым этапам сустрэчы з Хрыстом». Таксама іерарх заахвоціў прысутных маліцца аб новых пакліканнях да служэння Богу.
Апостальскі нунцый у гаміліі падкрэсліў, што шлях святарскага паклікання застаецца жывым і каштоўным, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні і сумненні, якія нярэдка прысутнічаюць у сэрцы маладога чалавека.
Арцыбіскуп Чэффаліа адзначыў, што менавіта праз цяжкасці загартоўваецца чалавечы дух і ўзрастае давер Богу, заахвоціў семінарыстаў трываць у вернасці малітве нават у найбольш складаныя моманты жыцця і з радасцю даручаць свае сэрцы Пану.
Таксама гэты дзень стаў у семінарыі нагодай падзякаваць выкладчыцы англійскай мовы Людміле Гапонік, якая завяршае шматгадовую працу ў гэтай установе. Прадстаўнікі супольнасці семінарыі называюць яе «чалавекам вялікай дабрыні, культуры і адкрытасці», выказваюць «шчырую падзяку за адданую працу, сведчанне чалавечай дабрыні і ўклад у фармацыю многіх пакаленняў семінарыстаў».
Рэктар выказаў выкладчыкам і студэнтам падзяку за чарговы навучальны год, апошнім пажадаў добрага адпачынку. На канікулах семінарысты будуць служыць у сваіх родных парафіях і ў тых, дзе яны праходзяць літургічна-душпастырскую практыку.
Супольнасць семінарыі даручыла час летняга адпачынку і наступны навучальны год Божаму Провіду, просячы аб новых і святых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця.













































