Пошук

22.09.2025 22:41   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Catholic.by

20 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год. Сёлета вучобу ў семінарыі распачалі ў агульнай колькасці 42 студэнты.

Цырымонія адкрыцця навучальнага года адбылася ў зале святога Яна Паўла ІІ. У ёй удзельнічалi старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскупы эмерыты Аляксандр Кашкевіч і Казімір Велікаселец, кіраўніцтва, выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі семінарыі, духавенства, законныя сёстры, семінарысты і іх блізкія.

Біскуп Гродзенскі ў прывітальным слове параўнаў новы навучальны год з «новай старонкай, на якой Пан Бог праз вашыя намаганні і сваю ласку хоча напісаць гісторыю паклікання, вернасці і святасці». «Сёлета гэты пачатак набывае яшчэ глыбейшае значэнне, таму што супадае з асаблівым часам для ўсёй касцёльнай супольнасці — з Юбілейным годам, які праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”. Гэта не проста прыгожыя словы, а праграма жыцця, дарога, якой трэба ісці. Бо ўсё наша існаванне, уласна кажучы, з’яўляецца пілігрымаваннем», — сказаў іерарх.

Звяртаючыся да семінарыстаў, ён адзначыў, што яны «асабліва пакліканыя разумець і перажываць гэтую праўду» і што іх шлях у семінарыі — «не толькі вывучэнне тэалогіі і філасофіі, не толькі фармацыя розуму і характару, а найперш шлях сэрца, пілігрымка да ўнутранай свабоды, да глыбокага пачуцця адказнасці за Божы народ, да ўсё большай падобнасці да Хрыста — Добрага Пастыра».

Біскуп выказаў падзяку кіраўніцтву і ўсім супрацоўнікам семінарыі, адзначыўшы, што іх праца «будуе будучыню Касцёла». Ён пажадаў, каб новы навучальны год стаў для семінарыстаў «годам не толькі вучобы, але і духоўнага сталення», «часам Божай ласкі, Божай прысутнасці, часам надзеі і плённай працы дзеля будучыні Касцёла».

«Няхай кожны дзень вучобы, малітвы і служэння робіцца крокам на шляху да святасці і да таго, каб стаць сапраўднымі пастырамі паводле Божага сэрца»,

— сказаў іерарх.

Прэфект семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год, у межах якога семінарыстам прапаноўваліся насычаная адукацыйная праграма і душпастырскія практыкі.

Па традыцыі адбылася лекцыя на пачатак навучальнага года. Яе прачытаў вікарый лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз доктар Андрэй Скамарошка. Тэма лекцыі — «Пра літургію пасля літургіі».

Да студэнтаў семінарыі звярнуўся таксама арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які пажадаў ім не стамляцца на шляху да святарства.

Адзінаццаць студэнтаў прапедэўтычнага курса атрымалі заліковыя кніжкі і студэнцкія білеты. Яны падзякавалі куратару ксяндзу Паўлу Скубе, выкладчыкам і старэйшым семінарыстам за цёплы прыём у супольнасць гэтай навучальнай установы.

Затым апоўдні ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя адбылася Імша, падчас якой двое студэнтаў трэцяга курса семінарыі — Станіслаў Бервячонак і Уладзіслаў Прыгун — упершыню апранулі духоўную вопратку — сутаны.

Узначаліў цэлебрацыю старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а біскуп Віцебскі здзейсніў благаслаўленне сутан.

У літургіі ўдзельнічалі біскупы эмерыты Аляксандр Кашкевіч і Казімір Велікаселец, святары, якія працуюць у гродзенскай семінарыі, на чале з рэктарам ксяндзом канонікам Віталіем Вайцяхоўскім, семінарысты і іх блізкія.

У гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаючыся да семінарыстаў, сказаў, што «людзі ўжо глядзяць на іх як на святароў», заахвоціў іх «ісці за Хрыстом, перажываць усе цяжкасці і радасці з Ім і праз Яго».

Арцыбіскуп адзначыў, што сутана — знак адданасці Богу і сведчанне для іншых, не проста знешні сімвал, а абавязацельства жыць у адпаведнасці з вучэннем Езуса.

Іерарх заклікаў усіх вернікаў маліцца за тых, хто рыхтуецца да святарства, за святароў, каб яны былі вернымі Хрысту, а іх служэнне было плённым і поўным ласкі, і аб новых пакліканнях да святарства, манаскага жыцця і місіянерскай дзейнасці.

Арцыбіскуп падзякаваў кіраўніцтву семінарыі і ўсім яе супрацоўнікам за руплівую працу, перадачу ведаў, дзяленне сваім прыкладам веры і жыцця.

Семінарысты, якія апранулі духоўную вопратку, выказалі падзяку Богу за пастаяннае суправаджэнне і ласкі, а таксама паабяцалі выражаць у штодзённай малітве сваю ўдзячнасць тым, хто дапамагаў ім у фармацыі і ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.