Пошук

08.10.2024 11:26   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Станіслаў Бервячонак / Grodnensis.by

5 кастрычніка, ва ўспамін св. Фаўстыны Кавальскай, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, цырымонія адбылася ў зале святога Яна Паўла ІІ, яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У ёй удзельнічала кіраўніцтва, выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі семінарыі, святары, законныя сёстры, семінарысты і іх блізкія.

У прывітальным слове біскуп Гродзенскі, які з’яўляецца Вялікім канцлерам семінарыі, назваў яе «не проста навучальнай установай, а духоўным асяродкам, дзе кожны з нас можа глыбей асэнсаваць сваё пакліканне і ўзрасці ў служэнні Богу і людзям», а вучобу ў ёй — «не проста засваеннем ведаў, а шляхам фармавання сэрца і духу».

Біскуп Гуляй нагадаў семінарыстам, што, хоць глыбокая тэалагічная адукацыя — аснова для будучых святароў, ім вельмі важна «навучыцца адчуваць і разумець патрэбы іншых, быць чулымі да болю і радасці сваіх блізкіх». Іерарх падкрэсліў, што сённяшняму свету, «складанаму і часта блытанаму», патрэбныя «сапраўдныя душпастыры, здольныя несці святло веры і мудрасць».

Выкладчыкам пастыр нагадаў, якая вялікая адказнасць ляжыць на іх плячах, бо яны не толькі вучаць семінарыстаў, але і фармуюць іхнія сэрцы і душы, паказваюць ім, «што святарства — шлях любові і служэння, які патрабуе адданасці, мудрасці і веры».

Біскуп адзначыў, што ў семінарыі студэнты ўваходзяць «у свет больш глыбокага духоўнага разумення», у якім кожнае іх дзеянне, слова і ўчынак маюць значэнне, могуць узрушыць сэрцы людзей.

Ён дадаў, што шлях семінарыстаў «не будзе простым, але будзе поўны сэнсу і духоўнага задавальнення». Іерарх пажадаў, каб стараннасць у вучобе дапамагла ім «стаць добрымі пастырамі, здольнымі весці людзей да святла веры і праўды», і каб новы навучальны год прынёс ім новыя магчымасці для духоўнага і інтэлектуальнага росту. Усім іншым прысутным, асабліва родным семінарыстаў, ён падзякаваў за падтрымку і малітвы, якія спрыяюць пакліканню будучых святароў.

Прэфект семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год, у межах якога семінарыстам прапаноўваліся насычаная адукацыйная праграма і душпастырскія практыкі.

Па традыцыі адбылася лекцыя на пачатак навучальнага года, з якой сёлета выступіў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока.

У лекцыі ён між іншым падзяліўся ўласным досведам, кажучы пра тое, што месца і час нараджэння выбірае не сам чалавек, а Божы Провід, нярэдка ведучы чалавека ў такія месцы, пра якія той нават не думаў.

Прадстаўнік Апостальскай нунцыятуры распавёў, што, калі вучыўся ў семінарыі, не ўяўляў, што будзе працаваць у структурах Ватыкана і ад імя Папы служыць у розных частках свету. Пасля некалькіх гадоў працы ў сваёй дыяцэзіі ён быў скіраваны на вучобу ў Рым, скончыў Папскую касцёльную акадэмію, якая рыхтуе ватыканскіх дыпламатаў. Святар быў сакратаром нунцыятуры ва Угандзе, а цяпер ужо больш за год служыць у Беларусі.

Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі біскуп Гродзенскі і рэктар семінарыі ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі ўручылі студэнтам першага курса залікоўкі.

Потым у гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася святая Імша, на якой студэнты трэцяга курса семінарыі ўпершыню апранулі духоўнае адзенне — сутаны. Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, узначаліў цэлебрацыю і здзейсніў благаслаўленне сутан біскуп Уладзімір Гуляй.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на значэнне духоўнага адзення, якое пачынаюць насіць семінарысты на чарговым этапе святарскай фармацыі.

«Мы стаім перад таямніцай, у якой Бог кліча маладых людзей стаць Яго слугамі ў свеце, і вы, дарагія семінарысты, праз атрыманне сутаны даяце публічны знак гэтага паклікання. Гэта асаблівы момант вашай фармацыі, бо вы ўступаеце на новую дарогу, якая яшчэ больш наблізіць вас да рэалізацыі Божага плану ў вашым жыцці», — адзначыў біскуп Гуляй. Ён дадаў, што, усклаўшы сутаны, семінарысты ўваходзяць у глыбейшыя адносіны з Хрыстом і ўступаюць у новы этап фармацыі, які падкрэслівае іх прыналежнасць Хрысту бачным чынам. Сутана з’яўляецца знакам іх адданасці Богу і сведчаннем для іншых; не проста знешнім сімвалам, а абавязацельствам жыць у адпаведнасці з вучэннем Езуса.

Іерарх назваў сутану знакам таго, што пакліканыя выбіраюць Бога; штодзённым напамінам, што «мы належым не гэтаму свету, а Хрысту». Сімволікай абраду ўскладання сутан ён назваў «духоўную перамену, свайго роду смерць для каштоўнасцяў гэтага свету і нараджэнне да новага жыцця ў Хрысце». «Чорны колер гэтай вопраткі нагадвае пра наша жаданне адрачыся ад матэрыяльных рэчаў гэтага свету, каб поўнасцю засяродзіцца на тым, што Божае», — патлумачыў пастыр. Акрамя таго, ён заўважыў, што сутана — гэта знак пакоры; яна сведчыць, што той, хто яе носіць, згодны быць слугою, бо і Хрыстус, Божы Сын, прыйшоў у свет як слуга.

Біскуп Гуляй падкрэсліў, што фармацыя ў семінарыі — «не толькі падрыхтоўка да выканання знешніх абавязкаў святарства, але і глыбокі працэс інтэлектуальнага і духоўнага развіцця».

Паводле іерарха, вучоба ў ёй павінна не толькі паглыбіць адукацыю студэнтаў, але і падрыхтаваць іх «прапаведваць Евангелле мудра, адказна і з любоўю». Па словах пастыра, святарскае пакліканне «патрабуе поўнага аддання і гатоўнасці несці Евангелле ўсім, каго Бог паставіць на вашым шляху». «Кожны з вас, надзеўшы сёння сутану, прымае на сябе задачу стаць рукамі Хрыста, якія благаслаўляюць, вуснамі, якія прапаведуюць Евангелле, і сэрцам, якое любіць, даруе і прыносіць мір», — сказаў біскуп.

Ён нагадаў семінарыстам, што святарства — «пастаянная дарога ўзрастання і фармавання сваіх сэрцаў паводле Сэрца Хрыста», што «важна быць вернымі малітве, сакрамэнтам і штодзённаму жыццю ў веры» і што гэтым шляхам яны будуць ісці не адны: іх будзе падтрымліваць супольнасць.

Усіх вернікаў іерарх заахвоціў маліцца за тых, хто рыхтуецца да святарства, а таксама за святароў, каб яны былі вернымі Хрысту, каб іх служэнне было плённым і поўным ласкі, а таксама аб новых пакліканнях да святарства, манаскага жыцця і місіянерскай дзейнасці.

Біскуп Уладзімір Гуляй падзякаваў кіраўніцтву семінарыі, яе выкладчыкам і ўсім супрацоўнікам за руплівую працу, перадачу ведаў студэнтам і дзяленне сваім прыкладам веры і жыцця.

Семінарысты, якія ўпершыню апранулі духоўнае адзенне, выказалі падзяку Богу за пастаяннае суправаджэнне і ласкі, а тым, хто дапамагаў ім у фармацыі і ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі, паабяцалі выражаць сваю ўдзячнасць у штодзённай малітве.

 

Абноўлена 08.10.2024 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.