Пошук

15.12.2023 14:58   Тэкст і фота: Pauliny.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у кляштары Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка (айцоў паўлінаў) ў Леснёве (Польшча), дзе знаходзіцца навіцыят гэтай манаскай супольнасці, дзевяць братоў навіцыяў упершыню апранулі белыя паўлінскія габіты.

Як паведамляе беларускі сайт Ордэна Рauliny.by, сёлета навіцыят Леснёве праходзяць браты з Польшчы, Беларусі, Славакіі, Венгрыі і Харватыі.  

Маладыя хлопцы з розных краін Еўропы доўга чакалі гэтага дня. Сярод іх быў брат Уладзіслаў Лопух з парафіі святой Ганны ў Варончы (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат). 

Паводле традыцыі, менавіта 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў навіцыяце, браты атрымліваюць манаскі габіт з рук прыёра кляштару: туніку, пояс з часткай ружанца і шкаплер.

З гэтай нагоды ў Леснёве сабраліся айцы з паўлінскіх кляштараў, родныя і сябры братоў навіцыяў. Да брата Уладзіслава прыехалі айцы з кляштара ў Карэлічах і яго бацькі.

Узначаліў цэлебрацыю святой Імшы прыёр леснёўскага кляштару айцец Пётр Станікоўскі OSPPE.

З гаміліяй да братоў навіцыяў звярнуўся айцец Матэвуш Вальчак, які адзначыў:

«У манаскім жыцці ёсць пэўныя падзеі, якія перажываюцца толькі адзін раз. Праз некалькі гадоў вы будзеце ляжаць на падлозе яснагорскай базілікі, як хлеб на патэне, каб праз момант прыняць святарскае пасвячэнне. Да гэтага, на Скалцы (Вышэйшая духоўная семінарыя айцоў паўлінаў у Кракаве), вы прымеце пасвячэнне дыяканату, а ў Яснагорскай капліцы дасцё вечныя шлюбы», — зазначыў айцец Матэвуш.

Святар падкрэсліў, што ўсе гэтыя моманты належаць да найважнейшых падзей, з якіх складаецца манаскае жыццё.

«Нароўні з усімі гэтымі прыгожымі ўрачыстасцямі, дзе будуць прысутнічаць біскупы, Генерал Ордэна, браты, вашы родныя і сябры, сёння з’яўляецца знак паўлінскага габіту і гэтая сённяшняя падзея, якая стаіць ля парогу вашага кансэкраванага жыцця. Так, аблучыны — гэта падзея, у якой мы ўдзельнічаем толькі раз у жыцці» — падкрэсліў айцец Матэвуш.

Абноўлена 15.12.2023 15:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця