Пошук

27.05.2026 10:12   Тэкст: Міраслава Шымусік, Марыя Капацка-Форналь / Фота: Кшыштаф Свертак / Паводле: paulini.pl / Catholic.by
Новапрэзбітэры з арцыбіскупам і настаяцелямі. Айцец Уладзімір Лопух OSPPE ў першым радзе першы справа

23 мая ў вядомым санктуарыі на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча), дзе нясуць служэнне айцы паўліны, прайшла ўрачыстасць прэзбітэрскага пасвячэння.

Як паведамляецца на сайце ордэна паўлінаў paulini.pl, новымі святарамі сталі 7 дыяканаў розных нацыянальнасцяў: 4-х палякаў, камерунец, славак і беларус. Новым айцом паўлінам родам з Беларусі стаў Уладзімір Лопух, які паходзіць з парафіі святой Ганны ў Варончы (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат).

Святарскае пасвячэнне ўдзяліў арцыбіскуп Анджэй Пшыбыльскі, мітрапаліт Катавіцкі.

На ўрачыстасці прысутнічалі айцы і браты паўліны разам з нядаўна выбраным генеральным настаяцелем Ордэна Паўлінаў айцом Бэньямінам Бонкоўскім OSPPE, ксяндзы пробашчы, бацькі і родныя, сябры і знаёмыя нашых сабратоў.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Пшыбыльскі растлумачыў новапасвечаным святарам, што «дзеля любові да Бога, дзеля любові да сваіх братоў і сясцёр, як сябар Езуса, святар павінен стаць новым стварэннем» і ніколі не можа быць перашкодай для Божай любові. Тлумачачы, што значыць быць новым стварэннем, ён падкрэсліў, што гэта азначае быць інструментам Божай ласкі. Іерарх заклікаў іх вучыцца ў святога Паўла Першага Пустэльніка малітве і адносінам з Богам, бо без гэтага «немагчыма быць Яго добрым інструментам».

Пасля заканчэння Імшы генеральны настаяцель айцец Беніямін Бонкоўскі OSPPE падзякаваў арцыбіскупу за яго бацькоўскую малітву. Ён нагадаў новапасвечаным святарам, што яны пачынаюць прыгожы і незвычайны шлях удзялення сакрамэнтаў і святарскага служэння. Ён папярэдзіў іх, каб яны былі гатовыя да выпрабаванняў, з якімі сутыкнуцца ў сваім святарскім і рэлігійным служэнні, і загадаў ім памятаць пра абяцанні, якія яны далі ў гэты дзень.

Генеральны настаяцель ордэна таксама ўручыў айцам дэкрэты, якія накіроўваюць іх служыць у розныя часткі свету.

Айцец Уладзімір Лопух OSPPE атрымаў дэкрэт на служэнне ў польскім горадзе Свідніца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.