
Пра біскупа Казіміра Велікасельца ўспамінае айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, блізкі супрацоўнік спачылага іерарха.
Біскуп Казімір Велікаселец, найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі, у апошняе дзесяцігоддзе не толькі працягваў весці актыўную душпастырскую дзейнасць, але і прысвячаў сябе справе аднаўлення старадаўняй парафіі, якая некалі існавала ў Гомелі. Ён таксама займаўся будаўніцтвам новага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў адным са спальных мікрараёнаў горада.
Яго жыццёвы шлях пакінуў глыбокі след як у духоўным жыцці Касцёла ў Беларусі, так і ў сэрцах кожнага верніка.
Святары, браты і сёстры законныя, а таксама вернікі працягваюць дзяліцца сваімі ўспамінамі пра чалавека, які быў не толькі духоўным настаўнікам, але і адданым свайму служэнню і любячым кожную душу, з якой сутыкаўся на сваім шляху.
Айцец Леанард Адушкевіч OSPPE шмат часу праводзіў разам з біскупам. Мы папрасілі яго падзяліцца з намі сваімі ўспамінамі пра спачылага іерарха.
— Айцец Леанард, ці памятаеце, як вы пазнаёміліся са спачылым біскупам Казімірам?
— Мая першая сустрэча з біскупам Казімірам адбылася ў 2000-м годзе, калі я быў яшчэ семінарыстам. Мы сустрэліся ў сакрыстыі капліцы цудоўнага абраза Маці Божай у Чэнстахове ў Польшчы і так пазнаёміліся з ім. Пасля доўгай размовы ён мне падарыў абразок Маці Божай Брэсцкай.
Потым мы сустрэліся ўжо ў Гомелі падчас асвячэння капліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якое супала са святкаваннем урачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай. Да гэтага часу я, ужо як святар, служыў ва Украіне, але планаваў вярнуцца ў Беларусь. Таму мы тады абмяркоўвалі пытанні, якія датычылі маёй будучыні.
— Чыёй была ініцыятыва пабудаваць яшчэ адзін касцёл у Гомелі?
— Гэта была дакладна ініцыятыва біскупа Казіміра. Ён быў упэўнены, што будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла ў такім вялікім горадзе проста неабходна. Для многіх вернікаў, асабліва тых, хто жыве ў спальных раёнах, вельмі доўгі шлях у касцёл нярэдка ператвараўся ў «крыжовы» шлях. Таму біскуп Казімір дамогся дазволу на будаўніцтва новай каталіцкай святыні менавіта ў спальным раёне. Ён ажыццявіў сваю мару і стаў першым пробашчам касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
— Наколькі складаным быў шлях ад задумы да рэалізацыі?
— Для будаўніцтва прапаноўвалі розныя пляцоўкі. Але была абрана тая, якая найбольш адпавядала бачанню біскупа: наблізіць Божы дом да людзей, да іх месцажыхарства. Цяжкасці, вядома, узнікалі, але з Божай дапамогай біскуп і ўсе, хто яму дапамагаў у будаўніцтве, іх пераадольвалі.

— Вы з'яўляецеся прадстаўніком ордэна паўлінаў. Ці была гэта ініцыятыва біскупа, каб запрасіць менавіта айцоў-паўлінаў?
— Так, гэта была ініцыятыва менавіта біскупа Казіміра Велікасельца. Ён асабіста некалькі разоў ездзіў да кіраўніка нашага ордэна, абмяркоўваў з ім магчымасць і ў выніку атрымаў згоду на тое, каб прадстаўнікі ордэна служылі ў гэтай парафіі. На той момант з усіх паўлінаў толькі я меў магчымасць паехаць, таму мяне туда і накіравалі.
— Чым Вам запомніўся біскуп Казімір — як чалавек, святар і біскуп?
— Найперш, біскуп Казімір быў вельмі добрым чалавекам. Ён стараўся нікога не пакрыўдзіць. А калі здараліся такія сітуацыі, я бачыў, як моцна ён перажываў.
Як святар ён заўсёды пачынаў свой дзень з малітвы і святой Імшы. І толькі потым рабіў усе астатнія справы. Калі ў нас былі нейкія праблемы, якія патрабавалі прыняцця сур’ёзнага рашэння, мы заўсёды ішлі ў касцёл, маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, чыталі Літанію да Маці Божай.

Біскуп Казімір назаўзёды застанецца ў маёй памяці як чалавек з вялікім і добрым сэрцам, для якога служэнне — не проста абавязак, а жыццё.
Дзякуй за размову.







