На Youtube-канале «Радыё Марыя Беларусь» пабачыла свет відэа, якое з'яўляецца сумесным праектам беларускага каталіцкага радыё з рэдакцыяй газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця». У ім гучыць апошняе прыжыццёвае інтэрв'ю з біскупам эмэрытам Казімірам Велікасельцам OP, які адышоў у вечнасць 8 лютага 2026 года.
З біскупам размаўляла супрацоўніца рэдакцыі газеты Кацярына Паўлоўская. Размова адбылася 3 студзеня 2026 года ў закрыстыі архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Іерарх прыехаў у сталіцу Беларусі з нагоды 80-годдзя свайго субрата ў біскупскім служэнні арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.
Біскуп Велікаселец распавёў гісторыю свайго жыцця і паклікання да асаблівага служэння Богу і людзям, святарскага і біскупскага служэння, а таксама ўзгадаў будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі. Размова была запісана на дыктафон, аднак падчас прагляду відэа на экране дэманструюцца фотаздымкі, на якіх Казімір Велікаселец прадстаўлены як законнік дамініканін, святар і біскуп.







