Зусім нядаўна ў эфіры тэлеканала «Беларусь-3» выйшаў чарговы, 7-ы фільм з цыклу «Паломница. Дорога к храму», прысвечаны Духоўнаму цэнтру Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — Нацыянальнаму санктуарыю Маці Божай у Будславе, а калі больш дакладна — дарозе да гэтай святыні. Шлях, які падрабязна асвячаўся ў фільме, супаў са шляхам найвялікшай па колькасці ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў, якая сёлета праходзіла з 29 чэрвеня па 3 ліпеня.
«Паломница. Дорога к храму» — гэта духоўна-асветніцкі тэлевізійны праект, які з верасня 2026 года выходзіць на тэлеканале «Беларусь-3». Яго аўтар і вядучая — Інга Бялова.
Праект ствараўся па благаслаўленні праваслаўнага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, таму першыя шэсць фільмаў прысвечаны знакавым месцам Праваслаўнай Царквы, такім як Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр ці святыні Брэста і Магілёўшчыны. Сёмы выпуск расказвае пра штогадовы шлях пешых пілігрымаў у Нацыянальны марыйны санктуарый у Будславе, які быў абвешчаны Духоўным цэнтрам Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі.
Вядучая прыняла ўдзел у пілігрымцы з Мінска ў Будслаў. Падчас шляху яна паказвае пілігрымаў на розных адрэзках шляху, пытаецца ў іх пра матывацыю да крочання пешшу да Маці Божай і на сваім прыкладзе даказвае, што гэты шлях магчыма прайсці. Вялікая ўвага пры гэтым надаецца не толькі фізічнаму пераадоленню дарогі, але перадусім духоўнай падрыхтоўцы да сустрэчы з Езусам і Яго Маці. І, канешне, падаецца гісторыя Будслава і традыцыі пілігрымавання ў Нацыянальны санктуарый.
У здымках фільма прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які сваёй невычэрпнай радасцю падбадзёрыў вядучую і ўсіх пілігрымаў, каб яны дасягнулі пастаўленую мэту.
«І, бадай, у гэтым і ёсць асобая сіла Будслаўскага фэсту — яднаць людзей супольнай дарогай і супольнай верай», — такую выснову зрабіла напрыканцы выпуску Інга Бялова.







