
15 мая пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць ксёндз Яна Сарэла, шматгадовы духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. За спачылага святара ўзносілі свае малітвы біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі ў трох месцах.
Семінарыя
16 мая ў семінарыйнай капліцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебравалася святая Імша для супольнасці семінарыі ў інтэнцыі спачылага духоўнага айца.
Літургія, цэлебрацыю якой узначаліў рэктар семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі, стала часам супольнай малітвы, успаміну і ўдзячнасці Богу за жыццё і служэнне спачылага святара, а таксама магчымасцю даручыць яго душу Божай міласэрнасці.
«Праз сваё служэнне, малітву і сведчанне веры ксёндз Ян Сарэла рупліва фармаваў сэрцы будучых святароў»,
— адзначаюць удзельнікі літургіі.
Пасля Імшы пачалося малітоўнае чуванне каля цела спачылага. На чуванні семінарыйная супольнасць разам з вернікамі і сябрамі вымольвала для яго дар вечнага жыцця і супакою ў доме Нябеснага Айца.










Пабэрнардынскі касцёл у Гродне
17 мая на нядзельнай Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа вернікі Гродна мелі магчымасць развітацца са святой памяці ксяндзом Янам, які служыў таксама ім, будучы праз пэўны час мадэратарам апостальскага руху «Маргарытка» Гродзенскай дыяцэзіі (члены гэтага руху моляцца за святароў) і пры іншых нагодах.
Літургію святой Імшы ў інтэнцыі спачылага цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Прысутнічала духавенства, свецкія вернікі і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У супольнай малітве прысутныя дзякавалі Богу за дар жыцця, святарскага служэння і руплівай душпастырскай працы ксяндза Яна на карысць Касцёла ў Беларусі, а асабліва за вялікі ўклад у фармаванне будучых пастыраў, паколькі ён шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці гродзенскай семінарыі.






























Пасля Імшы цела святара накіравалі ў яго родныя мясціны, ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат), дзе зямны шлях ксяндза Яна знайшоў сваё завяршэнне на парафіяльных могілках.
Тракелі
На пахавальнай Імшы ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях прысутнічала вялікая колькасць духавенства, у тым ліку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска; кансэкраваныя асобы, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у тым ліку яе выпускнікі — дыяканы, вернікі тракельскай і іншых парафій, дзе ён служыў. Разам малілася 156 духоўных асоб.
Рэктар гродзенскай семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі прамовіў гамілію, у якой адзначыў, што спачылы быў руплівым, адданым і ахвярным святаром, вельмі клапаціўся аб тым, каб будучым святарам (студэнтам семінарыі) забяспечвалася добрая фармацыя і каб яны вялі глыбокае духоўнае жыццё.
Біскуп Гродзенскі ў канцы літургіі сказаў:
«Для кожнага чалавека смерць заўсёды застаецца таямніцай, перад якой чалавечае сэрца спыняецца ў цішыні, у болі і ў пытаннях. Але мы, людзі веры, збіраемся сёння ў гэтай святыні не толькі для таго, каб плакаць і развітвацца. Мы збіраемся перадусім дзеля Эўхарыстыі – найвялікшай малітвы Касцёла, у якой Хрыстус, Пераможца смерці, яшчэ раз нагадвае нам словы Евангелля: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, нават калі і памрэ — будзе жыць». Сёння гэтыя словы асаблівым чынам гучаць над жыццём спачылага ксяндза Яна».
Іерарх адзначыў, што ксёндз Ян «вёў людзей да Бога, абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў святую Эўхарыстыю, удзяляў сакрамэнты і вучыў іншых давяраць Богу нават тады, калі чалавечых сіл ужо не хапае».
«У парафіях Ражанкі і Воўпы многія людзі сёння ўспамінаюць яго як добрага пастыра, чалавека малітвы, спакойнага сэрца і вялікай чалавечай культуры. Ён не шукаў шуму вакол сябе, не імкнуўся да чалавечай славы, але проста, ціха і верна служыў Богу і людзям там, куды яго пасылаў Касцёл», — дадаў біскуп.
Пра яго служэнне ў гродзенскай семінарыі ў якасці духоўнага айца іерарх сказаў: «Гэтае служэнне патрабуе не толькі ведаў ці жыццёвага досведу, але перадусім глыбокага ўнутранага жыцця, здольнасці слухаць чалавека, суправаджаць яго ў духоўным шляху, дапамагаць распазнаваць волю Божую і вучыць любові да Хрыста і Яго Касцёла. Многія святары і семінарысты сёння могуць сказаць, што ксёндз Ян быў для іх чалавекам, які ўмеў не толькі гаварыць пра Бога, але сапраўды жыў Богам». Біскуп нагадаў, што «асаблівае месца ў яго сэрцы займала таксама служэнне малітоўнаму руху "Маргарытка"; ён добра ведаў, што святару вельмі патрэбна малітва».
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім, хто быў побач з ксяндзом Янам да апошніх хвілін яго жыцця, назваў гэта «сапраўдным сведчанне евангельскай любові» і дадаў, што «ў такіх ціхіх і непрыкметных учынках найбольш яскрава адкрываецца прысутнасць Бога сярод нас».
Па словах біскупа, «невыпадкова Пан Бог паклікаў свайго слугу менавіта ў маі — месяцы, які Касцёл прысвячае Найсвяцейшай Панне Марыі; Марыя, Маці святароў, напэўна, была для яго той, да каго ён звяртаўся ў хвіліны радасці і выпрабаванняў, у здароўі і ў час хваробы».
«Хоць чалавечае сэрца напаўняецца смуткам, аднак памятайце, што смерць не мае апошняга слова. Апошняе слова належыць Богу — Богу жыцця, любові і вечнасці. Касцёл моліцца сёння разам з вамі і за вас, дзякуючы за жыццё і святарскае служэнне ксяндза Яна», — сказаў іерарх родным спачылага.



























































