
4 жніўня ў Гродзенскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі адбыліся ўступныя экзамены. Па іх выніках на прапедэўтычны (падрыхтоўчы) курс семінарыі ў 2026-2027 навучальным годзе залічана 6 новых студэнтаў.
За дзень да выпрабаванняў кандыдаты мелі магчымасць асабіста падаць дакументы. Таксама будучыя першакурснікі, праводзячы час разам, маглі бліжэй пазнаёміцца, паразмаўляць і адчуць дух хрысціянскага братэрства.
У дзень экзамену святую Імшу для кандыдатаў узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ. Разам з ім літургію цэлебравалі прадстаўнікі кіраўніцтва семінарыі на чале з ксяндзом рэктарам Янам Раманоўскім.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп заахвоціў юнакоў заўсёды быць блізка Бога і звярнуў асаблівую ўвагу на патрэбу ў пастаяннай малітве. З нагоды літургічнага ўспаміну святога Яна Марыі Віянэя іерарх заклікаў браць прыклад з гэтага святога, які будаваў сваё жыццё на трывалай размове з Богам.
«Будзе малітва — будзе ўсё»,
— падкрэсліў арцыпастыр.
Таксама іерарх цёпла падзяліўся ўласным досведам семінарыйнага жыцця, бо калісьці і сам быў адным з першых студэнтаў гродзенскай Alma Mater.
Пасля святой Імшы кандыдаты здавалі экзамен па асновах каталіцкай веры.
Шасцёра юнакоў, якія прадстаўляюць розныя дыяцэзіі Беларусі: трое з Гродзенскай дыяцэзіі і па аднаму з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, паспяхова справіліся з заданнямі і атрымалі статус студэнтаў семінарыі.
Наперадзе іх чакае час глыбокай супольнай малітвы, інтэнсіўнай вучобы і распазнавання святарскага паклікання. Кожны новы навучэнец — гэта вялікі дар для Каталіцкага Касцёла на Беларусі і адказ на малітвы вернікаў.



















