Пошук

04.08.2026 10:24   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Кацярына Паўлоўская

З 31 ліпеня па 1 жніўня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адзначылі 83-ю гадавіну мучаніцкай смерці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак, якія загінулі ў 1943 годзе ў час Другой сусветнай вайны.

Сёлета прайшло 83 гады з таго дня, як сёстры Марыя Стэла і 10 яе паплечніц, якія служылі ў Навагрудку, былі расстраляны нацыстамі.

Урачыстасці распачаліся святой Імшой у Батароўскім лесе. Эўхарыстыю на месцы мучаніцкай смерці манахінь узначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічалі таксама іншыя святары, манаскія сёстры, удзельнікі пешых пілігрымак з Ліды, Дзятлава (Гродзенская дыяцэзія) і Новай Мышы (Пінская дыяцэзія), з якой пілігрымка ў Навагрудак на ўспамін смерці бласлаўлёных мучаніц здзяйсняецца з 1997 года.

На святой Імшы аддалі пашану мучаніцам, памаліліся аб веры і адвазе для будучых пакаленняў і аб міры ва ўсім свеце.

У гаміліі ксёндз Ян Раманоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, падкрэсліў цану ахвяры, якую прынеслі манахіні, ахвяраваўшы сваё жыццё за бацькаў сем’яў і жыхароў Навагрудка. Святар заклікаў па прыкладзе бласлаўлёных сясцёр з мужнасцю сведчыць аб Хрысце.

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр падзякаваў усім прысутным, а асабліва пілігрымам, якія прыбылі ў пешых паломніцтвах, за іх сведчанне веры і гераізм, з якім смела ішлі па дарогах нашай краіны.

Затым у касцёле Перамянення Пана, што з’яўляецца санктуарыем бласлаўлёных сясцёр мучаніц, адбылося начное чуванне, якое ўключала адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыю, Ружанец і Крыжовы шлях.

Урачыстасці завяршыліся ранішняй святой Імшой, якая распачалася ў 4.30 прыблізны час мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак.

Абноўлена 04.08.2026 11:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця