Пошук

03.11.2023 11:13   Тэкст і фота: sdb.by

31 кастрычніка, напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых, сабраты салезіяне разам з прадстаўнікамі сясцёр салезіянак і салезіянаў супрацоўнікаў па традыцыі наведалі могілкі і памаліліся за памерлых салезіянаў, якія калісьці неслі служэнне на нашай Бацькаўшчыне.

Як паведамляецца на сайце Салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, прадстаўнікі салезіянскай сям’і наведалі магілы памерлых сабратоў у Дзятлаве і Дварцы. Пасля малітвы на могілках у Дварцы адбылася святая Імша за памерлых.

Менавіта ў гэтую вёску на Дзятлаўшчыне больш за сто гадоў таму прыбылі першыя на нашай зямлі салезіяне, якія пачалі сеяць тут зерне харызмы святога Яна Боско.

Перад Эўхарыстыяй рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB зачытаў імёны памерлых сабратоў, якія ў апошнія сто гадоў працавалі на беларускай зямлі і за якіх цэлебравалася святая Імша.

З казаннем да прысутных звярнуўся пробашч салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах ксёндз Казімір Шыдэлка SDB.

Святар на падставе яскравых прыкладаў з жыцця запрасіў прысутных звярнуць увагу на асабістую падрыхтоўку кожнага да ўласнага адыходу з гэтага свету, «бо ніхто не ведае ні дня, ані гадзіны, калі Пан яго пакліча».

Святар заахвоціў навесці парадак у сваіх справах і быць падрыхтаваным заўсёды, а не чакаць зручнага моманту. «Дай Бог, каб кожны з нас пачуў такія словы, якія мы знаходзім у святым Пісанні: „Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету“», — такім пажаданнем ксёндз Казімір завяршыў сваю навуку.

Пасля святой Імшы і супольнага абеду сабраты вярнуліся на месцы свайго служэння.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа