6 чэрвеня ў беларускім Нацыянальным санктуарыі прайшло святкаванне Сусветнага дня дзіцяці, якое ў гэтым годзе спалучана са штогадовай сустрэчай першакамунійных дзяцей.
У першую суботу чэрвеня, калі ў Нацыянальным марыйным санктуарыі ў Будславе праходзіла малітва ў апошні, дзявяты дзень Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!», дзясяткі аўтобусаў, мікрааўтобусаў і легкавікоў з дзецьмі і дарослымі з усіх дыяцэзій Беларусі накіраваліся ў гэты духоўны цэнтр нашай краіны, каб там, ля цудадзейнага абраза Маці Божай, святкаваць Сусветны дзень дзіцяці і раздзяліць радасць святкавання асабліва з тымі дзецьмі, якія першы раз прынялі Езуса ў святой Камуніі.
Адказнымі за арганізацыю сёлетняй сустрэчы былі салезіянская сям’я (святары, законныя сёстры і салезіяне-супрацоўнікі), а таксама Місія Добрага Самараніна з Мінска.
Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў для арганізатараў стала відавочна, што ў будслаўскай базыліцы прысутнічаюць каля 700 дзяцей. Кожны ўдзельнік урачыстасці заняў сваё месца ў святыні. Дзеці ў белых вопратках з сімвалам эўхарыстычнага Езуса на грудзях размясціліся найбліжэй алтара. Многія з іх сядзелі на падлозе, прыкрытай дыванкамі і мяккімі тканінамі.
За паўгадзіны перад поўднем распачалася святая Імша ― першы і цэнтральны пункт святкавання. Апроч дзяцей і іх бацькоў, а таксама законных сясцёр і свецкіх катэхетаў, прысутнічалі і цэлебравалі Эўхарыстыю шматлікія святары ― прадстаўнікі ўсіх чатырох беларускіх дыяцэзій, а перадусім іерархі ― Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які, звяртаючыся да дзяцей, дапамагаў ім настроіцца на малітоўны лад, паказваючы разам з імі жэст суцішэння, і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў імшальную літургію.
Пасля прывітання дзяцей і дарослых біскуп Юрый запэўніў наймалодшых удзельнікаў, што іх да сябе запрасіў сам Пан Езус, які на будслаўскім абразе прытуляецца да сваёй Маці. Іерарх нагадаў словы Езуса з Евангелля: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае» (Мк 10, 14). Затым пастыр прадставіў «начальнікаў» урачыстасці: імі былі кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук і адказны за правядзенне духоўнага мерапрыемства ксёндз Алег Каралёў SDB, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Іерарх нагадаў, што кіраўнікі патрэбныя для таго, каб падказваць, што рабіць, і заахвоціў дзяцей без боязі звяртацца да іх. Напрыканцы прамовы біскуп назваў малітоўную інтэнцыю святой Імшы — за ўсіх прысутных дзяцей і іх бацькоў, за хрысціянскія сем’і, аб патрэбных ласках для іх.
Адмысловую інтэрактыўную гамілію, адрасаваную дзецям, прамовіў ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў мінскім мікрараёне Серабранка. Ён звярнуў увагу, што дзеці найчасцей бяруць з сабой у школу заплечнікі. Яны былі таксама на плячах многіх малодшых удзельнікаў святой Імшы.
Святар, паказваючы прысутным свой уласны цяжкі заплечнік, усвядоміў ім, што ў кожнага чалавека ёсць «духоўны заплечнік», часта вельмі моцна абцяжараны грахом і іншымі праблемамі.
«Да каго мы звяртаемся, каб нам стала лягчэй?» — спытаў салезіянін дзяцей і атрымаў вельмі нечаканы адказ: «Да дырэктара». Паўсталае невялікае замяшанне ўдалося развязаць супольным разважаннем аб тым, хто з’яўляецца нашым «духоўным дырэктарам». Дзеці ў адзін голас назвалі імя Езуса Хрыста, які сапраўды здольны вырашыць праблемы і аблегчыць жыццё кожнага чалавека.
Далей прамоўца падвёў дзяцей да лагічнай высновы: каб заплечнік не быў цяжкі, трэба праверыць, што ў ім ёсць, г.зн. зрабіць рэвізію. Святар заахвоціў слухачоў, каб яны папрасілі Маці Божую правесці рэвізію іх духоўных заплечнікаў, бо Яна ведае, што трэба адтуль выкінуць, а што, наадварот, прыдбаць. Дзеці з вялікай радасцю прынялі гэтую прапанову.
Напрыканцы Імшы слова атрымаў дырэктар партала catholic.by і галоўны рэдактар старонкі catholicminsk.by ксёндз Павел Эйсмант. Святар у кароткай прамове паказаў сабраным у касцёле, што інфармацыя з гэтых сайтаў адрасавана як дарослым, так і дзецям, і заахвоціў ўсіх прысутных часцей наведваць каталіцкія інтэрнэт-рэсурсы, даючы лайфхак, як гэта прасцей зрабіць. Пасля гэтага ксёндз Алег Каралёў SDB агучыў наступныя пункты праграмы.
З заключнымі словамі віншаванняў да першакамунійных дзяцей звярнуўся галоўны цэлебрант — біскуп Алег Буткевіч.
Пастыр Віцебскай дыяцэзіі пажадаў ім, каб, нягледзячы на тое, што дзеці, як некалі апосталы, магчыма, не да канца разумеюць дар, які яны атрымалі ў святой Камуніі, шукалі святла Духа Святога, якое дапаможа ім прыняць Езуса і жыць у Яго прысутнасці.
Затым біскуп разам з усімі ўдзельнікамі ўрачыстасці памаліліся ў інтэнцыях Святога Айца, каб атрымаць адпуст за наведванне санктуарыя. Апошнім пунктам было ўзгаданне іерархам пра пілігрымкі ў Будслаў, якія прыбудуць да Маці Божай праз месяц, і запрашэнне «ў гэтую цудоўную вандроўку разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй».
Пасля святой Імшы ўдзельнікаў чакаў перапынак, падчас якога дзеці, бацькі і душпастыры мелі магчымасць адпачыць, падзяліцца ўражаннямі ад перажытай Эўхарыстыі і правесці час у атмасферы радаснай сустрэчы.
Наступным пунктам праграмы стала забаўляльная частка, падрыхтаваная салезіянскімі аніматарамі.
Нягледзячы на невялікі дождж, які некалькі разоў нагадаў пра сябе на працягу дня, настрой удзельнікаў заставаўся па-сапраўднаму святочным. Дзеці з вялікай ахвотай удзельнічалі ў бансах, конкурсах, рухомых гульнях і супольных забавах. Дзіцячы смех і ўсмешкі сведчылі пра тое, што нават надвор’е не змагло перашкодзіць радасці сустрэчы.
Асаблівым момантам пасляабедзеннай праграмы стала тэатральная пастаноўка, падрыхтаваная братамі капуцынамі. Праз сцэнку пра жыццё святога Францішка Асізскага ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з гісторыяй чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Богу, любові да бліжняга і клопату пра стварэнне. У простай і зразумелай для дзяцей форме былі прадстаўлены важныя евангельскія каштоўнасці, якімі жыў святы Францішак.
Напрыканцы сустрэчы ўсе сабраліся на супольную малітву, падчас якой дзякавалі Богу за перажыты дзень, дар веры, Першай святой Камуніі і магчымасць сабрацца разам каля Маці Божай Будслаўскай. Завяршылася свята благаслаўленнем, якое ўдзельнікам удзялілі прысутныя біскупы, жадаючы дзецям і іх сем’ям шчаслівых канікул, вернасці Хрысту і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.
Сустрэча ў Будславе яшчэ раз паказала, што Касцёл жыве маладосцю сваіх дзяцей, а супольная малітва, радасць і сяброўства дапамагаюць адкрываць Божую прысутнасць у штодзённым жыцці.



































































































































