У суботу 11 ліпеня ў рамках святкавання ўрачыстасці Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем'яў, у галоўным марыйным санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях прайшла ўрачыстая святая Імша, пасля якой быў прамоўлены Акт даверу Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панне Марыі.
У пачатку літургіі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прывітаў прысутных іерархаў: Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, які прыбыў разам са сваім сакратаром ксяндзом прэлатам Кшыштафам Сэрокам; Старшыню ККББ, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага; «волатаў веры» — эмэрытаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога ён папрасіў узначаліць Эўхарыстыю, і біскупа Аляксандра Кашкевіча, які прамовіў гамілію; біскупа Віцебскага Алега Буткевіча; дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноску; Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, прысутных святароў і кансэкраваных асоб. Затым іерарх прывітаў прадстаўнікоў мясцовай улады: старшыню Воранаўскага райвыканкама Аляксандра Леанідавіча Часнойця; яго намесніка Андрэя Андрэевіча Карповіча, а таксама старшыню Бастунскага сельвыканкама, на тэрыторыі якога знаходзіцца аграгарадок Тракелі, Святлану Антонаўну Нямеру. Урэшце пастыр прывітаў вернікаў, якія прыбылі з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі, Беларусі і замежжа. Ён нагадаў пра 35-годдзе аднаўлення іерахічных структур Касцёла на Беларусі — сёлетні «юбілей свабоды вызнання веры», за які біскуп заклікаў усіх падзякаваць Богу.

Галоўны цэлебрант, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, успомніў пра перэгрынацыю копіі цудадзейнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай — галоўнай Апякункі гродзенскага Касцёла. Таму, паводле яго слоў, дэвіз перэгрынацыі і тракельскіх урачыстасцей «Маці Міласэрнасці — Апякунка наша» «выказвае наш давер да Марыі і Яе апеку над намі».
Іерарх назваў інтэнцыю святой Імшы: «За дарагую мне Гродзенскую дыяцэзію і ўсіх сабраных на гэтым фэсце, каб у наш час грозных секулярных выклікаў яны заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню».

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў удзельнікам літургіі пра тое, што святкаванне праходзіць пад знакам адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты, калі яны, так як Марыя, адпраўляюцца ў духоўнае падарожжа. Ён запэўніў слухачоў, што Маці Божая хоча духоўна наведаць сэрцы кожнага з іх, бо Ёй неабыякавы лёс яе дзяцей. Марыя нясе пад сэрцам зачатага Езуса, таму Альжбета называе Яе «Маці Пана майго», я Ян Хрысціцель распазнаў Збаўцу свету і прывітаў Яго радасным рухам ва ўлонні маці.
Пастыр падкрэсліў, што Марыя, не будучы Богам, не можа стварыць ласкаў для чалавека, але Яна ахвотна выпрошвае іх у свайго Сына Езуса Хрыста і пераказвае чалавеку. Ён заклікаў кожнага даверыць Маці Божай свой «багаж» просьбаў, малітваў і клопатаў, а таксама падзякаваць Ёй за дар веры, прыняты хрост, прыналежнасць да Касцёла, сакрамэнты, выслуханыя малітвы, а таксама «за магчымасць быць тут, ля ног Марыі, у коле Яе верных шанавальнікаў і братоў у веры».

Прамоўца перанёс слухачоў у 1991 год, у якім наступіла аднаўленне структур Касцёла на Беларусі. Знакам гэтага было вяртанне вернікам адабраных касцёлаў і капліц, з'яўленне Гродзенскай семінарыі, аднаўленне манаскіх ордэнаў і супольнасцей.
«Вера вытрывала ў чалавечых сэрцах, была перададзена людзьмі новаму пакаленню»,
— канстатаваў біскуп і дадаў, што ўспамінае «бабуляў, людзей пераважна старэйшага пакалення», якія «не толькі не страцілі веру самі, не адракліся ад Хрыста, але вялі да Бога іншых, асабліва дзяцей і моладзь». Іерарх успомніў, як выглядалі іх спеўнікі — «усяго толькі старыя, пажоўклыя сшыткі, нататнікі з перапісаным уручную тэкстам ці ў лепшым выпадку друкаваныя на машынцы тэксты на тонкай паперы (...), якія ўжо немагчыма было чытаць».

Пастыр прывёў гісторыю, якая здарылася з ім у часы яго святарскага служэння ў Вільні. Тады прыйшла адна жанчына і папрасіла яго асвяціць зямлю. На пытанне святара, навошта гэта рабіць, яна адказала, што прыехала з Гомеля, дзе тады не было ні парафіі, ні касцёла. Яна бачыла ў дзяцінстве, як святар здзяйсняў абрад пахавання, таму прыехала ў Вільню, каб асвяціць зямлю, якую потым яна кідала на труну памерлага. Узрушаны такім сведчаннем веры, святар без ваганняў асвяціў зямлю і паблагаславіў гэтую жанчыну.
Напрыканцы гаміліі біскуп Кашкевіч пажадаў усім, каб вера, захаваная продкамі, была «для нас абавязкам», гэта значыць, «каб прыняўшы гэты дар ад папярэдніх пакаленняў, мы змаглі яго пераказаць у духоўнай эстафеце тым, хто прыйдзе пасля нас». У закліку да Маці Божай ён папрасіў Яе: «Вымалі для нас ласку моцнай і жывой веры!» Завяршальнымі словамі гаміліі іерарха сталі словы папы Францішка, скіраваныя да Маці Божай:
«Марыя, Маці, якая слухае, адкрый нашыя вушы. Учыні, каб мы ўмелі слухаць словы Твайго Сына Езуса сярод тысячаў слоў гэтага свету. Марыя, Жанчына дзеяння, учыні, каб нашыя рукі і ногі спяшыліся да іншых, каб несці міласэрнасць і любоў Твайго Сына Езуса, каб несці ў свет святло Евангелля».
Напрыканцы ўрачыстай Імшы да сабраных прамовіў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа: «Тут, перад Яе абразом, кожны з нас можа распазнаць сваю ўласную гісторыю, цяжкасці, якія мы перажываем, пытанні, што нас турбуюць, і надзеі, якія мы не хочам страціць. Марыя прымае нас такімі, якія мы ёсць, і запрашае Хрыста паглядзець на нас, каб Ён мог аднавіць нашае сэрца». Нунцый падкрэсліў, што праз сваю прысутнасць і малітву ўдзельнікі фэсту далучыліся да шэрагу сваіх папярэднікаў, якія захавалі веру і тым самым аказалі вернасць Касцёлу.

Прадстаўнік Святога Айца заўважыў: «Пілігрымка — гэта не проста знешні жэст, гэта акт даверу, крок, які кажа нам, што мы хочам аддаць сваё жыццё ў Яго рукі», а «вера — гэта не мімалётнае пачуццё, а штодзённы выбар, які прадугледжвае слуханне слова, захаванне спакою, пакорнае служэнне і пошук дабра нават тады, калі гэта каштуе».
У малітоўным звароце да Маці Божай Тракельскай іерарх папрасіў Яе аб заступніцтве і далейшым спадарожнічанні, а таксама «каб вярнуцца дадому з больш свабодным, моцным і паяднаным сэрцам».
Затым прадстаўнікі ўлады: старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Леанідавіч Часнойць і яго намеснік Андрэй Андрэевіч Карповіч, — прынеслі ў дар Маці Божай Тракельскай вялікі кошык кветак. У сваёй прамове кіраўнік раёна павіншаваў прысутных са святам, падкрэсліўшы, што санктуарый у Тракелях з'яўляецца не толькі «гісторыка-культурнай спадчынай», але і «духоўным сэрцам, сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей ідэалам хрысціянства». Ён падзякаваў кусташу санктуарыя і іншым святарам за іх штодзённае пастырскае служэнне, а ўсім удзельнікам пажадаў праз заступніцтва Маці Божай «моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і падтрымкі ва ўсіх пачынаннях».

У развітальнай прамове ксёндз Вадзім Сурвіла падзякаваў нунцыю Іньяцыё Чэффаліа за прысутнасць і благаслаўленне Святога Айца; біскупу Уладзіміру Гуляю за бацькоўскае сэрца і клопат пра санктуарый; біскупу Аляксандру Кашкевічу за «працу на карысць Касцёла і нястомную малітоўную падтрымку»; святарам, законным сёстрам, семінарыстам, скаўтам, хору Cantate Domino з Гродна і арганістцы са Шчучына, а таксама ўсім тым, ад каго залежала арганізацыя марыйных ўрачыстасцяў у Тракелях, за прыкладзеныя намаганні. Святар падзякаваў мясцовым уладам і дзяржаўным службам здароўя і парадку за іх працу, а таксама дабрадзеям «за стварэнне камфортных умоў для тысячы пілігрымаў». Асаблівая падзяка прагучала ў адрас тракельскіх парафіянаў за нясенне асноўнага цяжару арганізацыі свята, а таксама пілігрымаў, кожны з якіх ствараў гэтае свята ў сэрцы сваім і бліжніх. «Дзверы тракельскага санктуарыя шырока адчынены для вас», — запэўніў кожнага кусташ.
Прадстаўнікі парафіі ў Тракелях, у сваю чаргу, атрымаўшы слова, павіншавалі біскупа Аляксандра Кашкевіча з 50-годдзем прэзбітэрскага і 35-годдзем біскупскага пасвячэння, дорачы яму на памяць яго прыгожа намаляваны партрэт.

У сваім завяршальным слове пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй падзякаваў Апостальскаму нунцыю, заўважыўшы, што ён распачаў дыпламатычную місію ў Беларусі менавіта ад наведвання марыйных санктуарыяў, даверыўшы Марыі сваё служэнне. Біскуп пажадаў яму Божых ласкаў на далейшае выкананне апостальскай місіі і дадаў:
«Просім перадаць нашыя шчырыя словы прывітання Папе Рымскаму Льву XIV і тое, што мы ўсе за яго молімся і вельмі яго чакаем».
Словы падзякі пастыр скіраваў таксама ў адрас ксяндза прэлата Кшыштафа Сэрокі, сакратара нунцыятуры, які нядаўна быў прызначаны на новую пасаду ў Апостальскай Сталіцы, за яго служэнне ў Беларусі. Іерарх падзякаваў арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму і ўсім прысутным біскупам за сведчанне «адзінства ў веры і любові і адказнасці за Касцёл у Беларусі», святарам, кансэкраваным асобам і ўсім прысутным. Апошняй яго падзякай былі словы праслаўлення Бога, які, насуперак усім прагнозам, даў добрае надвор'е.

На думку біскупа, Тракелі павінны заставацца домам для кожнага католіка Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, бо ўжо сёння яны з'яўляюцца адным з духоўных цэнтраў Касцёла ў Беларусі. Ён пажадаў санктуарыю Гродзенскай дыяцэзіі: «Няхай ніколі не спыняецца сюды паток пілігрымаў, бо пакуль дзеці ідуць да сваёй Матулі, датуль жывая іх вера, жывая надзея і жывы Касцёл. Няхай дарога ў Тракелі стане дарогай нашага сэрца».
Затым наступіў момант, калі біскуп Уладзімір Гуляй ў Акце даверу аддаў Богу праз Марыю ўсіх духоўных, кансэкраваных асоб і вернікаў сваёй дыяцэзіі:
«Маці нашых сэрцаў, Настаўніца ціхай ахвярнасці, Табе, якая выходзіш насупраць грэшных і слабых, аддаём у гэтай сустрэчы ўсё нашае жыццё, нашую любоў, нашыя радасці, працы, спадзяванні, нашыя цярпенні. Мы хочам цалкам належаць Табе і хочам ісці шляхам даверу Хрысту, які прысутны і дзейнічае ў Касцёле. Вядзі нас усіх сваёй матчынай рукой».

Галоўны цэлебрант арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перад удзяленнем пастырскага благаслаўлення звярнуў увагу на глыбокі крызіс веры, які апанаваў свет. Ён заключаецца ў тым, што чалавек адкідвае Божыя запаведзі, якія вядуць да жыцця, а выбірае каштоўнасці свету, якія прамінаюць, прыводзячы яго да духоўнай смерці. Арцыпастыр паказаў на Марыю як на «духоўны маяк» для кожнага, хто не хоча разбіцца аб «скалы граху», і развітаўся з пілігрымамі словамі святога Яна Паўла ІІ, сказанымі ім ў Вострай Браме 4 верасня 1993 года: «Вяртайцеся ў свае дамы з сэрцамі, напоўненымі верай у перамогу жыцця над смерцю, дабра над злом, святла над цемрай, свабоды над духоўнай няволяй».

































































