11 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася начная Імша пастэрка, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Літургія цэлебравалася ў межах двухдзённых дыяцэзіяльных урачыстасцяў, якія штогод праходзяць у санктуарыі.
У Імшы ўдзельнічалі святары ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Набажэнства традыцыйна пачалося працэсіяй, у якой неслі свечкі і копію абраза Маці Божай Тракельскай. У час працэсіі спявалі і маліліся Ружанец.
У гаміліі біскуп Гуляй засяродзіў увагу прысутных на наведванні Марыяй святой Альжбеты, маці Яна Хрысціцеля. Па словах іерарха, адной з прычын гэтага візіту было жаданне служыць дапамогай сваячцы, якая ў пажылым узросце чакала нараджэння дзіцяці, другой — тое, што «пры звеставанні Марыя адчула дотык Божай ласкі, сустрэлася з бязмернасцю любові Нябеснага Айца, і сустрэча з Богам напоўніла Яе такой вялікай радасцю, што Яна не магла стрымаць яе для сябе».
Кажучы пра тракельскі санктуарый, біскуп адзначыў: «У гэтым напоўненым малітвамі месцы Марыя, як любячая Маці, абдымае нас, прытуляе да свайго сэрца і шэпча на вуха найцудоўнейшыя ў свеце словы: “Люблю цябе!”
Як жывая манстранцыя, Марыя нясе нам Езуса, дае Яго нам як найкаштоўнейшы скарб і просіць нас, як клапатлівая Маці, аб тым, каб мы захацелі адчыніць перад Ім дзверы нашых сэрцаў і ўпусціць Яго ў наша жыццё. Толькі тады мы адчуем сябе сапраўды шчаслівымі і радаснымі».
«Сёння вы прыносіце Марыі свае незлічоныя просьбы і маленні, бо верыце, што Яна цешыцца, як сапраўдная Маці, калі дзеці аб чымсьці Яе папросяць, і з радасцю і любоўю моліцца з намі і за нас, заступаючыся перад Богам ва ўсіх нашых патрэбах», — сказаў біскуп удзельнікам урачыстасцяў. Нагадваючы пра 35-годдзе з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, ён заахвоціў «падзякаваць разам з Марыяй Богу за Касцёл на Гродзеншчыне, які адраджаецца і развіваецца, бо мае моцныя, трывалыя карані — веру папярэдніх пакаленняў, нашых бацькоў і дзядоў».
«Мы атрымалі дар веры ў своеасаблівую эстафету, і ад нас залежыць, ці зможам захаваць яго і нават памножыць і перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, — дадаў іерарх. — Папросім нашу нябесную Маці падтрымліваць нас сваім магутным заступніцтвам і весці да свайго Сына Езуса Хрыста. Няхай наш Касцёл на Гродзеншчыне развіваецца і ўзрастае, няхай Добрая Навіна, якую ён абвяшчае, дасягае чалавечых сэрцаў».
У канцы літургіі біскуп Гродзенскі падзякаваў удзельнікам за прысутнасць, сказаўшы: «Сэрца напаўняецца вялікай радасцю, калі бачым перад сабою такую вялікую сям’ю Божага народу».
«Гэтая ноч стала сапраўдным сведчаннем таго, што Марыя і сёння працягвае збіраць сваіх дзяцей. Яна не перастае запрашаць нас да свайго Сына, падтрымліваць тых, хто губляе надзею, суцяшаць засмучаных, умацоўваць слабых і весці да Хрыста ўсіх, хто адкрывае перад Ёю сэрца»,
— дадаў біскуп.
Па яго словах, агні свечак, якія неслі ў начной працэсіі, «нагадвалі, што вера, нават калі здаецца маленькай, здольная разганяць цемру, а калі гэтыя агеньчыкі злучаюцца разам, то становяцца вялікім святлом».
«Няхай кожны, хто гэтай ноччу прыйшоў у Тракелі, вяртаецца дадому не толькі з добрымі ўспамінамі, але перадусім з супакоем сэрца, з новай надзеяй, з больш глыбокай верай і з перакананнем, што Маці Божая сапраўды крочыць побач са сваімі дзецьмі», — дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, пажадаў прысутным «плённай сустрэчы з Богам у цішыні сэрца» і бяспечнай дарогі з Тракеляў назад.

































