
Сустрэчы духавенства прайшлі ў Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай дыяцэзіях. Іерархі заклікалі удзельнікаў падтрымаць малітвай Папу Льва XIV, які знаходзіцца ў шпіталі пасля аперацыі, каб ён хутчэй выздаравеў і працягваў узначальваць Касцёл.
Святары Гродзенскай дыяцэзіі ў межах дня засяроджання памаліліся аб выздараўленні Папы
14 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У пачатку сустрэчы прысутных азнаёмілі з дэкрэтам біскупа, у якім сказана, што пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля айцец Анджэй Ядкоўскі CsSR прызначаецца духоўным айцом святароў дыяцэзіі.
Новы духоўны айцец выступіў перад прысутнымі з канферэнцыяй. Ён прапанаваў ім задумацца над пытаннямі: «Хто я сёння? Якое маё сэрца? У якім напрамку я іду?».
Айцец Анджэй заахвоціў «вярнуцца да пачатку свайго паклікання, каб нанова захапіцца Езусам, які цябе паклікаў і кліча зноў і зноў». Ён параіў духавенству «шукаць паклікання ў пакліканні», як святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, сустракацца са сваімі сабратамі-святарамі, маліцца адзін за другога і разам.
У праграме сустрэчы была таксама індывідуальная малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Кульмінацыйным пунктам праграмы была Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі.
Іерарх заклікаў удзельнікаў падтрымаць на гэтай літургіі малітвай Папу Льва XIV, які знаходзіцца ў шпіталі пасля аперацыі, каб ён хутчэй выздаравеў і працягваў узначальваць Касцёл.
У гаміліі біскуп прапанаваў святарам падумаць над пытаннямі: «Ці ўзрастае ўва мне любоў? Ці становіцца маё сэрца больш падобным да Сэрца Хрыста?»
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, ён сказаў: «Сёння варта вярнуцца да гэтай першай праўды нашага святарства: Хрыстус паклікаў нас быць з Ім, каб потым паслаць нас да людзей. Менавіта ў гэтай блізкасці нараджаецца святар, якому можна давяраць і за якім можна ісці».
Пасвячэнне дае ласку і адначасова заклікае адказна супрацоўнічаць з ёю, — адзначыў іерарх. — Лёгка заўважыць падзелы ў грамадстве, цяжкасці ў сем’ях, памылкі ў жыцці іншых людзей. Значна цяжэй распазнаць тое, што парушае спакой у маім уласным сэрцы. Чаму мяне раздражняе поспех сабрата? Чаму мне цяжка прыняць заўвагу? Чаму я так доўга памятаю крыўду? Чаму ў размове часам больш імкнуся даказаць сваю рацыю, чым зразумець іншага чалавека? Гэтыя пытанні дапамагаюць адкрыць перад Богам месцы, якія яшчэ патрабуюць аздараўлення».
Па словах біскупа, у пералічаных апосталам у Пісанні плёнах Духа Святога (любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вернасць, лагоднасць і ўстрыманасць) можна «ўбачыць партрэт пастыра: гэта святар, побач з якім чалавек не баіцца быць слабым, які ўмее чакаць, пакуль у сэрцы іншага саспее адказ Богу, які захоўвае вернасць у непрыкметным служэнні, лагоднасць якога дапамагае прыняць нават цяжкую праўду». На думку іерарха, гэтыя плёны «патрабуюць штодзённай малітвы, пільнасці адносна сябе, новых пачаткаў», «часам нараджаюцца ў вельмі простай сітуацыі: калі мы стрымалі рэзкае слова, уважліва выслухалі чалавека, адмовіліся ад плёткі, прабачылі сабрату».
«У Евангеллі Езус звяртае ўвагу на небяспеку, якая можа закрануць і рэлігійнага чалавека: старанна захоўваць знешні парадак, але занядбаць справядлівасць і любоў Божую. Гэтае слова асабліва важнае для нас, бо ўсё наша жыццё звязана са святыняй, літургіяй, малітвай, сакрамэнтамі. Мы штодня знаходзімся побач са святым. І таму нам неабходна пільнаваць, каб сэрца заставалася жывым, здольным здзіўляцца Божай любові і адгукацца на чалавечы боль»,
– сказаў біскуп.
Ён дадаў, што «святар павінен ведаць праўду Евангелля і мужна яе абвяшчаць, аднак таксама ведаць чалавека, да якога гэтая праўда звернута: яго страх, яго раны, яго слабасць і яго жаданне пачаць нанова”. «Пастырская любоў патрабуе прысутнасці. Яна дапамагае чалавеку зрабіць наступны крок, падтрымлівае яго ў барацьбе, не стамляецца паказваць дарогу да Хрыста», – адзначыў іерарх.
Ён нагадаў, што Папа Леў XIV у звароце да духавенства Рыма заклікаў святароў быць вартымі даверу і прыкладам для іншых. Біскуп прапанаваў святарам адказаць сабе на пытанне: «Ці адпавядае мой спосаб жыцця таму, што я прапаведую?”
Іерарх папрасіў духавенства «дапамагаць адзін аднаму жыць святарствам з радасцю і надзеяй”. «Кожны з вас патрэбны. Кожны заслугоўвае братэрскай увагі. Часам для ўмацавання еднасці дастаткова простага ўчынку: наведаць, патэлефанаваць, падзякаваць, прапанаваць дапамогу. Часам патрэбна больш мужнасці: спыніць несправядлівую размову, прызнаць крыўду, зрабіць першы крок да прымірэння», – адзначыў біскуп.
Акрамя таго, ён падкрэсліў, што сэрца святара «павінна мець месца, дзе яно адпачывае ў Богу”, і пажадаў, каб гэтая літургія стала для святароў аднаўленнем блізкасці з Панам.


















«Бог выбраў нас…»: сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі ў Мястэчку Беззаганнай
15 кастрычніка ў Удзеле, у «Мястэчку Беззаганнай», што знаходзіцца пад апекай айцоў францішканаў, адбылася дыяцэзіяльная сустрэча святароў і законных сясцёр Віцебскай дыяцэзіі. Гэта быў дзень, калі ў цішыні і малітве духавенства магло спыніцца, каб паразважаць над сваім пакліканнем і адказнасцю за чалавечыя душы.

Сустрэча распачалася з магчымасці вырашыць практычныя справы. Прадстаўнікі Курыі, Caritas, выдавецтваў былі даступныя для размоў, а кожны ахвочы мог набыць літаратуру проста на парафіі. Такая магчымасць — заўсёды дапамога для тых, хто нясе служэнне ў розных кутках дыяцэзіі.
Пасля ў касцёле пачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Наступіла адарацыя ў цішыні — той асаблівы час, калі словы становяцца лішнімі, а застаецца толькі позірк, скіраваны да Хрыста.
Жадаючыя прыступілі да сакрамэнту пакаяння. Споведзь падчас адарацыі — гэта заўсёды сустрэча, якая патрабуе мужнасці і даверу.
Апоўдні распачалася святая Імша. У касцёле сабраліся не толькі ўдзельнікі сустрэчы, але і мясцовыя парафіяне, якія прыйшлі разам памаліцца. Літургія цэлебравалася на лацінскай мове — мове, якая яднае Касцёл ва ўсе часы і ва ўсіх кутках свету.
На пачатку Імшы ўсіх прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. «Дзякуем Богу за гэтую магчымасць сабрацца разам у месцы Беззаганнай, якая знаходзіцца пад апекай айцоў францішканаў», — сказаў іерарх.
У казанні біскуп Алег разважаў пра Божае абранне — тэму, якая гучыць асабліва моцна, калі яе чуеш з вуснаў таго, хто сам адказаў на гэта пакліканне шмат гадоў таму.
«Бог выбірае нас, выбірае ў Сваёй прадбачнасці, у сваім плане, які мы да канца не ведаем. Выбраў яшчэ перад стварэннем свету не толькі для таго, каб напоўніць зямлю і валодаць ёй, але выбраў на сваіх вучняў, сваіх апосталаў, сведкаў сваёй Любові… Выбраў нас не толькі, каб мы маглі збавіцца самі, але іншым дапамаглі ў збаўленні»,
— прамовіў біскуп.
Асабліва гучна ў яго словах прагучала нагадванне пра адказнасць тых, хто стаіць ля алтара.
«Нам, святарам, асобам духоўным, Бог даручае чалавечыя душы, дзеля якіх Езус сам аддаў сваё жыццё на крыжы. Варта паставіць сабе пытанне: як мы да гэтага дару, якім ёсць чалавечая душа, адносімся, як да іх падыходзім? Нам трэба яшчэ раз усвядоміць гэтую адказнасць, якой так моцна баяўся святы Ян Марыя Віянэй, бо ўсведамляў, якая вялікая гэта адказнасць перад Богам», — сказаў біскуп Алег.
Пасля Імшы адбылася канферэнцыя айца Аляксандра Жарнасека МІС. Святар, вядомы ў дыяцэзіі як рэкалекцыяніст, разважаў над тэкстам Трэцяй кнігі Валадарстваў — урыўкам пра тое, як Бог аб’явіў сябе Саламону, і малады кароль прасіў у Пана не багацця і не доўгіх гадоў жыцця, а мудрасці.
Айцец Аляксандр звярнуў увагу на тое, што Саламон палюбіў Пана і быў гатовы скласці любыя ахвяры. Палюбіў — і таму ў выніку сам стаў ахвярным. Гэта той шлях, які праходзіць кожны, хто шчыра шукае Бога: любоў вядзе да аддачы, а аддача — да мудрасці, якая не мае нічога агульнага з халодным разлікам.
Далей святар разважаў над двума спосабамі жыцця веры: «хадзіць па правілах» і «хадзіць перад Богам». Першае — гэта выкананне, другі — стасункі. Можна выконваць усе правілы і пры гэтым не ведаць Таго, да Каго яны вядуць. А можна хадзіць перад Богам — у свядомасці Яго позірку, у даверы, у любові, якая робіць нават цяжкія ахвяры лёгкімі.
Завяршылася дыяцэзіяльная сустрэча абедам у «Сялібе Беззаганнай» — там, дзе некалькі гадоў таму пачало ўзнікаць гэтае месца, якое сёння стала духоўным домам для многіх.
Сустрэча ў Удзеле — гэта не проста дзелавы каляндарны пункт. Гэта нагода для святароў і законных сясцёр спыніцца, пабыць разам, памаліцца ў цішыні і пачуць нагадванне пра тое, што іх пакліканне — быць не толькі выканаўцамі правілаў, але сведкамі Божай любові перад людзьмі, чые душы ім давераны.




































Трохдзённыя рэкалекцыі ў Пінску: час для малітвы, роздуму і аднаўлення
15 кастрычніка ў Пінскім катэдральным касцёле завяршыліся трохдзённыя духоўныя практыкаванні для святароў — рэкалекцыі, падчас якіх таксама гучала малітва аб здароўі для Папы Льва XIV. Святую Імшу на заканчэнне рэкалекцый узначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім Найсвяцейшую Эўхарыстыю цэлебраваў дапаможны біскуп Андрэй Зноска і святары, якія служаць у парафіях Пінскай дыяцэзіі.

Гамілію для святароў і сабраных вернікаў абвясціў духоўны кіраўнік рэкалекцый айцец Аркадзь Куляха (OCD), які служыць у санктуарыі Маці Божай Гудагайскай у Гродзенскай дыяцэзіі. Айцец Аркадзь звярнуў увагу слухачоў на постаць святой Тэрэзы Авільскай, літургічны ўспамін якой адзначаецца ў гэты дзень. Святар запрасіў усіх удзельнікаў літургіі яшчэ раз узгадаць запрашэнне гэтай святой, каб у цэнтры свайго жыцця заўсёды ставіць сяброўства з Хрыстом як пунктам аднясення да ўсяго, з чым прыходзіцца нам сустракацца ў штодзённасці.
Пасля завяршэнне літургіі сабраныя святары на чале з біскупамі ўзнеслі да Бога малітву за ўсіх памерлых біскупаў, святароў, кансэкраваных і свецкіх вернікаў, наведваючы катэдральную пахавальную крыпту святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка.




























Міснка-Магілёўская архідыяцэзія: працяг будзе
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў кастрычніку запланаваны дзве сустрэчы духавенства: 24 кастрычніка ў старадаўняй магілёўскай катэдры адзначаць 5-годдзе ўступлення на магілёўскую катэдру Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, а затым 29 кастрычніка ў мінскай архікатэдры пройдзе пастырская сустрэча духавенства. Падчас гэтых сустрэч прысутныя памоляцца аб выздараўленні Святога Айца.










