
17 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся першы ў новым навучальным годзе дзень засяроджання. Духоўныя разважанні правёў нядаўна прызначаны духоўны айцец семінарыі ксёндз Андрэй Лішко, які заклікаў будучых пастыраў вучыцца бачыць чалавека і свет вачыма самога Хрыста.
Раман Буднік, які вучыцца ў семінарыі, адзначае, што дзень засяроджання стаў «асаблівым часам ласкі, магчымасцю для будучых пастыраў спыніцца ў штодзённай мітусні, паглыбіцца ў малітву і нанава адкрыць сутнасць свайго паклікання, не толькі часам адпачынку ад лекцый, але і сур'ёзным імпульсам для далейшага ўзрастання».
Па традыцыі дзень засяроджання распачаўся спевам гімна да Духа Святога, у якім семінарысты прасілі аб святле, мудрасці і адкрытасці сэрцаў на Божае слова. Праграма дня спалучала ў сабе супольныя літургічныя малітвы і час для асабістай сустрэчы з Хрыстом у цішыні на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Ксёндз Андрэй пабудаваў свае духоўныя разважанні на аснове евангельскай прыпавесці аб добрым самараніне, якая, па словах Рамана Будніка, «знаёмая кожнаму, але заўсёды глыбокая і актуальная». Прапаведнік прапанаваў будучым святарам паглядзець на гэты сюжэт праз прызму іх уласнага фармавання.
Ксёндз Андрэй асабліва падкрэсліў, што ўсяму павінна папярэднічаць развіццё чалавечнасці, што гэта той неабходны падмурак, на якім потым будуюцца і развіваюцца іншыя важныя вымярэнні семінарыйнага і святарскага жыцця: духоўнае, інтэлектуальнае і пастырскае.
Ён дадаў, што сапраўдны пастыр найперш павінен быць чалавекам, здольным спачуваць і бачыць чужы боль.

Працягваючы думку, ён адзначыў, што хрысціянская міласэрнасць і служэнне не падпарадкоўваюцца законам матэматыкі, логікі ці правілам бізнесу, у ёй няма месца прагматычнаму разліку ці пошуку ўласнай выгады.
Па яго словах, сапраўдная міласэрнасць грунтуецца выключна на бескарыслівай любові — такой, якую паказаў людзям Сын Божы.
Духоўны айцец заўважыў, што менавіта ва ўчынках міласэрнасці чалавек здольны найбольш блізка сустрэць Бога і перажыць глыбокае навяртанне. У якасці прыкладу ён прывёў асобу святога Францішка Асізскага. Пераломным момантам у жыцці гэтага вядомага святога, які цалкам змяніў ягоны шлях, ксёндз Андрэй назваў вопыт працы з пракажонымі і служэнне тым, ад каго адвярнуўся свет.

Падводзячы вынікі разважанняў, святар сказаў:
«Даволі часта мы бачым вачыма, але давайце глядзець на свет сэрцам».
Студэнт семінарыі Раман Буднік называе гэты заклік духоўнага айца важным і праніклівым і дадае: «Каб у будучыні стаць добрымі самаранамі для тых, да каго іх пашле Касцёл, семінарысты вучацца галоўнаму мастацтву — бачыць чалавека і свет вачыма самога Хрыста».





























