
3 2 па 4 сакавіка Пастаральны цэнтр Пінскай дыяцэзіі стаў на тры дні домам для супрацоўнікаў дабрачыннай каталіцкай арганізацыі Caritas, якія сабраліся са ўсёй Беларусі на велікапосныя рэкалекцыі.
Духоўныя практыкаванні для супрацоўнікаў Caritas праводзіў ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе.
Разам са сваімі супрацоўнікамі ў рэкалекцыях бралі ўдзел кіраўнікі Caritas у Беларусі: дырэктар Нацыянальнага Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, а таксама дырэктары дыяцэзіяльных Caritas ксёндз Віталій Дабраловіч (Caritas Гродзенскай дыяцэзіі), ксёндз канонік Віктар Місевіч (Caritas Віцебскай дыяцэзіі), брат Анатоль Ярошка OFMCap (Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), ксёндз Чэслаў Ладыка (Caritas Пінскай дыяцэзіі), айцец Леанард Адушкевіч OSPPE (Карытас-Міласэрнасць у Гомелі).
Тэма рэкалекцый — «Учынкі міласэрнасці паводле цела».
Учынкі міласэрнасці адносна цела засяроджваюцца асабліва на тым, каб накарміць галодных, бяздомным даць дах над галавой, апрануць голых, адведаць хворых і вязняў, пахаваць памерлых. Сярод гэтых учынкаў міласціна, якая даецца убогім, з’яўляецца адным з асноўных сведчанняў братэрскай любові; яна з’яўляецца таксама практыкаваннем справядлівасці, якая падабаецца Богу.
«Справы міласэрнасці дапамагаюць нам ісці шляхам, які вядзе ў неба, бо робяць нас падобнымі да Езуса, які асабіста паказаў, якімі павінны быць нашы паводзіны адносна іншых. Нагодай для ўчынкаў міласэрнасці, напэўна, у нас будзе дастаткова, патрэбна толькі агледзецца вакол і ўбачыць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе»,
— падкрэсліў ксёндз Станіслаў.
На працягу трох дзён духоўныя разважанні, малітвы, набажэнствы перапляталіся са шчырымі гутаркамі, дзяленнем досведам і часам на асабістую размову з Богам у цішыні. Як прызналіся ўдзельнікі рэкалекцый, цудоўным духоўным падарункам для іх стала міні-пілігрымка ў Іванава, да месца мучаніцтва святога Андрэя Баболі, якую арганізаваў ксёндз Чэслаў Ладыка.

У апошні дзень рэкалекцый супрацойнікі Caritas удзельнічалі ў Святой Імшы ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі разам з біскупам Пінскім Антоніем Дзямʼянка і дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі Андрэем Зноска.
«Цяжка знайсці у Беларусі месца, больш прыдатнае для правядзення як рэкалекцый, духоўных практыкаванняў і дзён засяроджання, так і разнастайных, неабавязкова рэлігійных па сваім змесце, сустрэч, канферэнцый, сімпозіўмаў, чым Пастаральны цэнтр Пінскай дыяцезії, размешчаны ў сталіцы Палесся, у будынку былой духоўнай семінарыі. Гэта старажытнае і намоленае месца, яно напоўнена духоўнасцю мінулых пакаленняў і нясе ў сабе нешта па-над часовае, месца сілы. А ў дадатку тут утульныя пакої, непаўторныя інтэрʼеры, смачная ежа, а галойнае — цудоўная прыватная капліца, у якой яшчэ нядаўна маліліся будучыя святары»,
— сцвердзіў біскуп Андрэй.
4 сакавіка Касцёл ўспамінае святога Казіміра. 3 гэтай нагоды біскуп Зноска прысвяціў Эўхарыстыю за спачылага кардынала Казіміра Свёнтка, а дырэктар Caritas Гродна ксёндз Віталій Дабраловіч — за спачылага біскупа Казіміра Велікасельца ОР.
Пасля набажэнства ўдзельнікі памаліліся каля месца спачынку Слугі Божага Зігмунда Лазінскага, дзе біскуп Андрэй Зноска прачытаў малітвы аб атрыманні ласкаў і цудаў праз заступніцтва першага біскупа Пінскай дыяцэзіі.





















































